З-за расійскіх сродкаў РЭБ ракеты HIMARS становяцца ўсё менш эфектыўнымі — CNN
Запуск ракет HIMARS ва Украіне / https://www.facebook.com/GeneralStaff.ua
З-за расійскіх сродкаў радыёэлектроннай барацьбы ракеты HIMARS становяцца ўсё менш эфектыўнымі, паведамляе амерыканская тэлекампанія CNN, якая спасылаецца на заходнія і ўкраінскія крыніцы. Узброеным сілам Украіны даводзіцца змагацца са спробамі расіян парушыць працу амерыканскай рэактыўнай сістэмы залпавага агню. У апошнія месяцы РФ усё часцей стала выкарыстоўваць электронныя глушылкі, каб перашкодзіць навядзенню ракет. А яны, як вядома, арыентуюцца на спадарожнікавую навігацыйную сістэму GPS.
У выніку ракеты HIMARS не заўсёды трапляюць па вызначаных аб'ектах, чаго амаль не было ў мінулым годзе. Таму амерыканскія і ўкраінскія спецыялісты спрабуюць удасканаліць праграмнае забеспячэнне рэактыўнай сістэмы залпавага агню, каб супрацьдзейнічаць расійскім глушылкам. І гэта пастаянная праца. Як толькі заходнія саюзнікі знаходзяць спосаб абыходзіць расійскія сродкі РЭБ, расіяне распрацоўваюць чарговыя контрмеры.
"Ідзе пастаянная гульня ў кошкі-мышкі", — кажа неназваны чыноўнік Пентагона. Колькі яна можа працягвацца, ніхто не можа спрагназаваць. Вырашэнне праблемы глушэння важнае для ўкраінскага контрнаступу. Летась трапныя ўдары ракет HIMARS знішчалі склады, штабы, казармы, масты ў тыле расійскіх войск, што дэмаралізоўвала праціўніка, пазбаўляла яго рэзерваў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.