За абразу аднаго міліцыянта заведзена шэсць крымінальных спраў
Патрульныя сяржанты міліцыі на дзяжурстве ў Мінску, ілюстрацыйнае фота / "Мінск-Навіны"
За абразу міліцыянта з Бабруйска распачата 6 крымінальных спраў, паведамляе прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.
Справы завялі на траіх жыхароў Бабруйска, магілёўца, пенсіянерку з Клімавічаў і мінчука. Усе шасцёра грамадзян размясцілі ў Інтэрнэце "злосныя каментары" на адрас участковага інспектара з УУС Бабруйскага гарвыканкама.
Прэс-сакратарка МУС прыводзіць падрабязнасці ў дачыненні да некаторых фігурантаў крымінальных спраў.
Так, затрыманы мінчук прызнаны падазраваным па 13 крымінальных справах — ён пагражаў і абражаў работнікаў дзяржорганаў. Мужчыну таксама прыцягвалі больш за 30 разоў да адміністрацыйнай адказнасці па лініі ДАІ.
Яшчэ адзін затрыманы, магілёвец, раней ужо быў судзімы за выказванні, якія зневажаюць гонар і годнасць гэтага самага ўчастковага з Бабруйска.
Тады яму прызначылі два гады "хатняй хіміі" і абавязалі выплаціць кампенсацыю за маральную шкоду. Раней магілёўца таксама прыцягвалі да крымінальнай адказнасці за крадзеж і ўхіленне ад выплаты аліментаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.