“За антынаркатычны закон раней не браліся, бо проста не разумелі праблему”
Дэпутат Зінаіда Мандроўская расказвае пра новы антынаркатычны дэкрэт, наркапрытоны і тое, як у будучыні збіраюцца змагацца са “спайсам” і “парашкамі”.
Падрыхтаваны і зацверджаны дэкрэт, які, магчыма, нанясе ўдар па самай вострай беларускай наркапраблеме ― насенню маку. Закон запрацуе праз пару месяцаў.
Опійнае насенне маку (“бубкі”) распаўсюджвалася ў Беларусі з 2004 года і стала самай сур’ёзнай наркапраблемай. Колькасць макавых спажыўцоў, якія “вараць” з насення наркатычны раствор, даўно пераваліла за 100 тысяч чалавек. Сур’ёзных законаў, якія маглі б паставіць “бубкам” заслон, не прымалася.
Крымінальнай адказнасці не будзе і цяпер. Гэтаму перашкаджае адпаведная канвенцыя ААН, згодна з якой насенне маку не можа лічыцца наркотыкам. Аднак за гандаль “бубкамі”, згодна новаму дэкрэту, прадугледжаныя штрафы ад 1000 да 8000 еўра. Таксама ўвядуць канфіскацыю легкавых аўтамабіляў і фур, на якіх насенне будзе перавозіцца (з першага разу ― па рашэнні суда, з другога ― дакладна). Будуць канфіскоўваць і месцы захоўвання наркатычнага насення ― кватэры, гаражы, склады. Па словах Мікалая Карпянкова, кіраўніка Упраўлення па наркакантролі МУС, пад каўпаком сёння знаходзяцца ўсе буйныя наркагандляры.
Запрацаваць новы дэкрэт павінен праз пару месяцаў. Дакумент узгаднілі і адправілі ў Савет міністраў 25 чэрвеня. У гэты ж дзень прыходзім на інтэрв’ю да Зінаіды Мандроўскай ― дэпутата Палаты прадстаўнікоў, якая дапамагала міліцыі ў прасоўванні закона.
Еўрарадыё: Зінаіда Міхайлаўна, насенне маку распаўсюджвалі з сярэдзіны 2000-х. Чаму так доўга не прымалі жорсткі антымакавы закон і як удалося дабіцца таго, што на праблему звярнулі ўвагу?
Зінаіда Мандроўская: На мой погляд, гэта ўдалося, таму што мы пачалі адкрыта казаць пра праблему. А яшчэ некалькі гадоў таму многія яе проста не разумелі. І мне некалі здавалася, што наркатызацыя дзесьці далёка, не ў Беларусі. Але ў 2009 годзе да мяне звярнуліся выбаршчыкі (Зінаіда Мандроўская ― прадстаўнік Пінскай гарадской выбарчай акругі №14, ― Еўрарадыё). Я на свае вочы ўбачыла, як выглядаюць прытоны, і жахнулася. Пакутуюць не толькі наркаспажыўцы, але і людзі, якія жывуць побач. У тыя часы не многія хацелі размаўляць пра праблему насення маку. Але дэпутаты сённяшняга склікання Палаты прадстаўнікоў у сваёй большасці падтрымліваюць антынаркатычныя прапановы. Мы зрушылі камень з мёртвай кропкі.
Еўрарадыё: Паведамляецца, што колькасць ін’екцыйных наркаспажыўцоў, якія спажывалі раствор з насення маку, стабілізавалася. А якія рэальныя лічбы?
Зінаіда Мандроўская: Я чую дадзеныя афіцыйнай статыстыкі. Ведаю, што па Пінску ў нас каля 500 зарэгістраваных наркаспажыўцоў. З іх 89% ― опійныя, спажываюць раствор з насення маку. Рэальная ж колькасць прыкладна ў дзесяць разоў большая. Па краіне афіцыйная лічба тых, хто стаіць на уліку, каля 15 тысяч. І яна экстрапалюецца па еўрапейскіх методыках прыкладна ў дзесяць разоў. Але назваць дакладную лічбу ― немагчыма.
Як разабрацца са “спайсамі” і іншымі “дызайнерскімі” наркотыкамі?
Яшчэ адна істотная наркапагроза для Беларусі ― сінтэтычныя псіхатропы: “спайсы”, міксы для палення, парашкі і гэтак далей. Як толькі рэчывы ўносяцца ў наш наркапералік, у лабараторыях ствараюць новыя ― з іншымі формуламі. Іх называюць “легалкай”. Сярод спажыўцоў ― падлеткі і моладзь. Дзейны закон “Аб наркатычных сродках” не вырашыў праблему цалкам. У ім уведзена наватарскае паняцце “аналаг”. Чакалася, што кожны новаўведзены сінтэтычны псіхатроп будзе аналагам ранейшага. Але формулы пачалі рабіць настолькі хітра, што пад паняцце аналагаў многія новыя рэчывы не трапляюць.
Еўрарадыё: Гэту праблему пакуль нідзе ў свеце не вырашылі. Як з гэтым быць?
Зінаіда Мандроўская: Вельмі сур’ёзную працу вяду над тым, каб паняцце “аналаг”, якое па-рознаму магчыма трактаваць, было адэкватным сённяшняму развіццю наркалабараторый. Праблема ў тым, што немагчыма прадказаць, які атам вугляроду ці радыкал можа быць замешчаны ў хімічнай формуле ўжо забароненага рэчыва. З першапачатковага азначэння “аналаг”, якое магло быць у нашым законе, сышоў момант, што калі рэчыва мае такое ж уздзеянне, як наркотык, яно з’яўляецца забароненым. У плане на 2014 год ― карэкціроўка існуючай фармулёўкі. Спецыялісты, натуральна, могуць апратэставаць такое азначэнне. Але мы павінны рабіць новыя і новыя крокі ў вырашэнні праблемы. Гэта зло наўрад ці будзе пераможанае, але калі з ім не змагацца, то з часам не будзе каму жыць на гэтай зямлі. І я ўсцешаная тым, што ў Беларусі наркатызацыя спыняецца і меры прымаюцца.
“На алкаголі лёгка зарабляць грошы, але гэта губіць нацыю”
Еўрарадыё: Па колькасці спажывання чыстага спірту на кожнага беларуса ― мы ў другім дзясятку сусветнага рэйтынгу. У некаторых нашых раёнах забараняюць прадаваць “чарніла”, многія гэта крытыкуюць. Якая ваша пазіцыя па праблеме?
Зінаіда Мандроўская: З аднаго боку, мы размаўляем пра забарону няякасных вінаў. З іншага ― дазваляем гандляваць алкаголем побач з прадпрыемствамі, будаўнічымі пляцоўкамі, дазваляем аўталаўкам вазіць віно ў кожную вёску, бо гэта дае прыбытак. Такая пазіцыя — няправільная. Зразумела, абмежавальныя меры ― непапулярныя, але без іх, напэўна, абысціся нельга. Колькі ўжо праведзена эксперыментаў, у тым жа Слуцку, у Гродне, у Пінску. Як толькі абмяжоўваеш ― менш боек, менш правапарушэнняў, і раптам людзі асэнсоўваюць, што менш трэба выпіваць.
Еўрарадыё: Але і гэтыя эксперыменты часта крытыкуюць. Кажуць, што алкаголікі ўсё адно бегаюць па віно ў суседнія вёскі.
Зінаіда Мандроўская: Натуральна, бегаюць, але пабегла не 100%, а 50%. І некалькіх чалавек выратавалі. Памятаю, як забаранялі піць алкаголь у грамадскіх месцах. І гучала думка, што разарым піўныя кампаніі. Але нікога не разарылі. П’юць і сёння ў грамадскіх месцах, але колькасць такіх выпадкаў непараўнальна зменшылася. Грамадства і міліцыя павінны і далей прыкладаць намаганні для вырашэння праблемы. Сёння многія маладыя людзі вядуць цвярозае жыццё, займаюцца спортам. Але іншых таксама трэба ратаваць. І казаць, што праблем не існуе ― гэта абсурд. Адных абмежавальных мер недастаткова. Неабходныя сур’ёзныя навуковыя даследаванні. Патрэбнае павышэнне духоўнасці ў беларусаў. Таксама варта звярнуць увагу на разуменне статусу працы, на павагу да асобы. Калі не будзе каштоўным чалавек, яго праца і яго здароўе, мы з алкагалізмам не справімся. Праблема насаджвалася стагоддзямі. Але лічу, што пачынаць варта менавіта з абмежавальных мераў.
Еўрарадыё: Бутэлька звычайнай гарэлкі сёння каштуе прыкладна 4,4 долара за паўлітра. Выглядае, што гэты кошт занадта даступны. Магчыма, у гэтым праблема?
Зінаіда Мандроўская: За такі тавар усё ж трэба браць больш грошай. Ёсць меркаванне, што ў Беларусі павялічваць кошт нельга, што ёсць праблемы ў бюджэце. Але не ўлічваюцца пры гэтым сумы, якія трацяцца на лячэнне залежных людзей, на інфаркты і інсульты, якія сталі наступствам ужывання алкаголю. Я думаю, што і тут пытанне ссунецца з месца. На алкаголі лёгка зарабляць грошы, але гэта губіць нацыю. Трэба абмяжоўваць колькасць кропак і час продажу алкаголю. Я стаўлюся да гэтага пытання менавіта так.
“Па-мойму, ёсць асэнсаванне таго, што мы ўсё ж хочам беларусамі звацца”
Еўрарадыё: Не кожны дэпутат вядзе актыўную дзейнасць. Часта бывае, што перад выбарамі шмат абяцаюць, але не выконваюць. Вось у мяне каля дома, можа, самая жахлівая дарога ў Мінску. Дэпутаты ўсё абяцаюць яе адрамантаваць, але гэтага не робіцца. Як паўплываць на народных абраннікаў?
Зінаіда Мандроўская: Калі дэпутат абяцае, што ён адрамантуе дарогі, то ён не мае на гэта паўнамоцтваў. Ён можа шчыра сказаць, што паспрабуе ў гэтым пытанні паспрыяць. Галоўная задача дэпутата ― актыўна ўздзейнічаць на распрацоўку законапраекта, які паўплывае на якасны рамонт гэтых дарог. Што можа дэпутат у такой сітуацыі ― гэта звярнуць увагу выканаўчай улады на праблему, прапанаваць і гэтак далей.
Еўрарадыё: Вы кажаце пра тое, што беларусам сёння важна звяртацца да духоўнасці, патрыятызму. Пра гэта рознымі спосабамі заяўляюць вядомыя беларускія спартсмены ― Віталь Радзівонаў, Аляксандра Герасіменя, Віталь Гуркоў. Многія вядомыя людзі бачаць духоўнасць у развіцці беларускай мовы. Як вы лічыце, варта яе папулярызаваць? Можа, хопіць рускай?
Зінаіда Мандроўская: Я доўгія гады працавала ў электроннай прамысловасці. Уся тэхнічная інфармацыя была па-руску. У 1992-ім годзе мы прынялі рашэнне перакласці яе на беларускую. Я была галоўным тэхнолагам буйнога прадпрыемства. На той момант не мелася запасу словаў, тэрміналогіі, каб усё перакласці. І тады з’явілася адмова ад той ідэі. А сёння склалася так, што трэба гэту тэму зноў уздымаць.
Еўрарадыё: Чаму?
Зінаіда Мандроўская: Прайшоў пэўны перыяд нашага станаўлення. І, па-мойму, ёсць асэнсаванне таго, што мы ўсё ж хочам беларусамі звацца. І з-за таго, што не ўжываем беларускую мову ў жывой гутарцы, парушаецца наша этнічная асаблівасць, сувязь з даўнімі часамі. Не, ведаю, можа, гэта ўзрост, але ў мяне ўзнікае патрэба ў беларускай мове, але ёсць боязь, калі я вымаўлю нешта не так. Моўная тэма абмяркоўвалася Палатай прадстаўнікоў мінулага склікання. Дыскутавалі наконт распаўсюджвання беларускай мовы на цэнніках, этыкетках і гэтак далей…
У канцы 1970-х у Мінску было зусім мала людзей, якія размаўлялі па-беларуску. А сёння такія маладыя людзі з’явіліся, і я сама думаю часам, як перайсці на беларускую у гутарках з імі. Я думаю, неабходнасць у беларускай мове будзе ўсё больш павялічвацца.