За арганізацыю дамоўных матчаў судзяць спартовага дырэктара ФК "Шахцёр"
Уладзімір Нідэргаўс на судзе / БЕЛТА
У Маскоўскім судзе Мінска пачаўся судовы працэс за арганізацыю дамоўных футбольных матчаў, перадае БЕЛТА.
Судзяць экс-намесніка дырэктара па спартовых пытаннях футбольнага клуба "Шахцёр" Уладзіміра Нідэргаўса. Як стала вядома падчас суда, перад затрыманнем ён быў ужо беспрацоўным, бо ў яго скончыўся кантракт з салігорскім клубам. Вядома, што абвінавачаны мае падвойнае грамадзянства — Германіі і Казахстана.
Паведамляецца, што ён унясе грошы на рахунак суда ў якасці гарантыі таго, што аплаціць штраф.
Пра затрыманне 55-гадовага футбольнага спецыяліста стала вядома напрыканцы студзеня. Сілавікі затрымалі яго, калі Нідэргаўс звольніўся з "Шахцёра" і збіраўся перайсці ў казахстанскі "Табол".
Пасля гэтага разгарэўся скандал з дамоўнымі матчамі, якія арганізаваў "Шахцёр" у чэмпіянаце Беларусі. У выніку клуб пазбыўся чэмпіёнства за 2022 год, пазбаўлены ачкоў і аштрафаваны. Пакараныя былі і іншыя клубы. Дзясяткі футбалістаў былі дыскваліфікаваныя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.