За "ДНР" ваюе, магчыма, былы міліцыянт-забойца з Мінска (відэа)
Калі баец з Данбасу сапраўды служыў у мінскай міліцыі, то хутчэй за ўсё на пачатку 90-х менавіта ён быў асуджаны на 15 гадоў за забойства.
Некалькі дзён таму на канале "Навінавы Данбас" сэрвісу YouTube з'явілася відэаінтэрв'ю з байцом так званай "Данецкай народнай рэспублікі". Мужчына ў вайсковай форме заявіў, што яго клічуць Аляксеем Русяевым і раней ён нібыта служыў аператыўнікам ў мінскай міліцыі. На выгляд чалавеку каля 50 гадоў.
"Беларускія навіны" звязаліся з ветэранамі мінскага крымінальнага вышуку. Тыя ўзгадалі, што на пачатку 90-х мінулага стагоддзя ў Першамайскім РАУС сапраўды служыў оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку лейтэнант Аляксей Русяеў. У міліцыі ён праслужыў не больш за два гады. У 1993 ці 1994 годзе яго арыштавалі і асудзілі на 15 гадоў за забойства армянскага прадпрымальніка і шэраг іншых злачынстваў. У іх ліку называецца і збіццё затрыманых. Таксама асуджаны быў пазбаўлены звання афіцэра міліцыі.
Разам з ім быў асуджаны яго родны брат і яшчэ адзін былы супрацоўнік міліцыі.
Чалавек на відэа паведаміў, што ён прыехаў на Данбас у жніўні 2014 года. Ён нібыта быў пяць разоў паранены і страціў руку падчас бою ў раёне пасёлка Спартак.
Дарэчы, удзел грамадзян Беларусі ва ўзброеным канфлікце ва Украіне за любы з бакоў пераследуцца паводле беларускіх законаў. На радзіме Русяева могуць асудзіць за наёмніцтва на тэрмін ад 3 да 7 гадоў.