За мяжу з'ехаў апазіцыйны дзеяч з Салігорска Уладзімір Шыла
За мяжу з'ехаў апазіцыйны дзеяч з Салігорска Уладзімір Шыла, паведамляе nn.by. Ён праходзіў у якасці адзінага сведкі па крымінальнай справе аб "беспарадках" у горадзе ў дзень выбараў. Яе распачалі яшчэ ў жніўні 2020-га, і яна пылілася ў СК. Аднак 3 сакавіка ў Салігорск прыехаў са сталіцы следчы па асабліва важных справах, які дапытваў Шылу, а таксама праводзіў вочныя стаўкі з міліцыянерамі, якія давалі паказанні. Сямёра з іх заявілі, што Уладзімір Шыла "актыўна ўдзельнічаў у пратэстах" у Салігорску 9 жніўня. Пяцёра нават удакладнялі, што ён заклікаў біць шыбы і штурмаваць будынкі. Па словах Уладзіміра Шылы, іх першапачатковыя сведчанні былі зусім іншыя.
У такой сітуацыі ўвечары 3 сакавіка Шыла пакінуў краіну — з яго не ўзялі падпіску аб нявыездзе.
Уладзіміру Шылу 57 гадоў. Ён інжынер па прафесіі, сябра руху "За Свабоду". Пасля 9 жніўня 2020-га адбыў 55 сутак адміністрацыйнага арышту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.