За незаконную высечку ялінак давядзецца заплаціць штраф ад $70
Дзяржінспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету папярэджвае пра санкцыі за незаконную высечку ялін у навагодні сезон.
Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі могуць нарыхтоўваць дрэвы хвойных парод толькі на падставе ляснога білета ў межах выдзеленых ім участкаў ляснога фонду.
Парушальнікаў, калі гэта звычайныя грамадзяне, будуць караць штрафамі ад 5 да 50 базавых велічынь (то бок, ад 750 тысяч да 7,5 мільёнаў рублёў). Індывідуальныя прадпрымальнікі ў выпадку незаконнага знішчэння дрэваў заплацяць штраф ад 20 да 200 базавых велічынь (ад 3 мільёнаў да 30 мільёнаў рублёў), а для юрыдычнай асобы штрафы яшчэ вышэй — ад 50 да 300 базавых велічынь (ад 7,5 да 45 мільёнаў рублёў). Гэтыя нормы тычацца несанкцыянаванай высечкі дрэваў у лясах гэтак званай першай групы.
У перыяд нарыхтоўкі дрэваў да навагодніх святаў інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету будзе ладзіць рэйды па лясах сумесна з прадстаўнікамі міліцыі, Мінпрыроды і іншымі зацікаўленымі ведамствамі, паведамляе БЕЛТА.