За ўдзел у ініцыятыве "Буслы ляцяць" — да 15 гадоў калоніі
Фігуранты справы па ініцыятыве "Буслы ляцяць" / калаж spring96.org
28 верасня ў Мінскім гарадскім судзе былі абвешчаныя прысуды фігурантам справы па ініцыятыве "Буслы ляцяць".
Як адзначае праваабарончы цэнтр "Вясна", суддзя Анастасія Папко прызначыла ім вялікія тэрміны:
Аляксею Іванісаву — 14 гадоў калоніі і штраф у 16 тысяч рублёў (500 базавых);
Аляксею Гамезу — 14,5 года калоніі і штраф у 16 тысяч рублёў (500 базавых);
Мікалаю Біблісу — 8,5 года калоніі і штраф у 9600 рублёў (300 базавых);
Андрэю Будаю — 15 гадоў калоніі і штраф у 16 тысяч рублёў (500 базавых);
Аляксандру Мураўёву і Аляксандру Сідарэнку — па 12 гадоў калоніі кожнаму.
Суд быў закрытыі і працягваўся каля чатырох месяцаў.
У залежнасці ад ролі кожнага іх вінавацяць ва ўдзеле ў ініцыятыве "Буслы ляцяць", якую ў Беларусі прызналі тэрарыстычнай; удзеле ў акцыях пратэсту; пашкоджанні аўтамабіля суддзі Барысаўскага раёна і шынаў аўтамабіля актывіста-карэспандэнта рэспубліканскага СМІ; кіданні камянёў у вокны кватэры мінскага пракурора і праўладнай актывісткі; знішчэнні сістэмы відэаназірання ў Фрунзенскім раёне Мінска.
Затрымалі іх у верасні-кастрычніку 2021 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.