У аэрапорце Мінска на расіянку завялі крымінальную справу
Расіянку з Самары Марыю Рымар затрымалі ў нацыянальным аэрапорце Мінск за жарт пра траціл у торбе.
Адвакат затрыманай Вадзім Мушынскі кажа, што актывістцы не спадабаўся ўзмоцнены кантроль у аэрапорце. "Узнік канфлікт на гэтай глебе, і яна жартам сказала: калі вы нешта шукаеце, то траціл у мяне ў торбе. Гэтага было дастаткова, каб зняць яе з рэйса, затрымаць і распачаць справу", — патлумачыў адвакат агенцтву "Інтэрфакс".
Супрацоўнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксандр Марчанка таксама паведамляе, што жанчыне пагражае крымінальная адказнасць.
“У Нацыянальным аэрапорце Мінск непрацуючая расіянка 1978 года нараджэння, якая павінная была вылятаць рэйсам Мінск - Масква, у пункце перадпалётнага дадгляду паведаміла інспектару службы паветранай бяспекі, што ў яе выбуховае рэчыва. Гэты жарт скончыўся крымінальнай справай у дачыненні да пасажыркі”, — кажа прадстаўнік МУС.
Ён тлумачыць, што справа заведзеная па артыкуле 380 Крымінальнага кодэксу Беларусі “Загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы”. Ён прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі, паведамляе БЕЛТА.
Жанчына змешчаная ў ізалятар часовага ўтрымання. Праваахоўнік нагадвае, што за ілжывыя паведамленні аб мініраванні будынкаў, наяўнасці боепрыпасаў у пасажыраў паветраных судоў або іншых падобных небяспеках жартаўнікам пагражае крымінальная адказнасць.