Забарону піць піва на вуліцы адмяняць не плануюць
Мінская міліцыя зацікаўленая, каб грамадзяне менш ужывалі алкагольных напояў у грамадскіх месцах.
Еўрарадыё дазванілася на прамую лінію начальніка мінскай міліцыі Аляксандра Барсукова. Паводле яго слоў, міліцыя, калі размаўляе з кампаніяй, якая п'е алкаголь, улічвае чалавечы фактар.
Барсукоў: "Бываюць розныя сітуацыі. Нехта крыху выпіў і выйшаў на вуліцу. Можа выпадкова засталася бляшанка з півам у руках. Канешне, зрабілі заўвагу, папярэдзілі. Чалавек выбачыўся і сышоў дадому. Я не бачу сэнсу яго затрымліваць і складаць пратакол. Няма неабходнасці, бо чалавек адрэагаваў. Але калі яны распіваюць спіртныя напоі каля пясочніцы, лаяцца, то на гэта трэба рэагаваць".
Нагадаем, у Беларусі забаранілі піць піва ў грамадскіх месцах у лютым 2010 года. За парушэнне прадугледжаныя штрафы, якія павялічваюцца пры паўторным затрыманні.
Фота — bymedia.net