Забойцам сабакі ў Лёзне аказаўся мясцовы жыхар, які раней яго падкормліваў

Абвестка пра гібель сабакі ў Лёзне / vk.com/gorod_liozno
У Лёзне знайшлі зламысніка, які павесіў сабаку. Выявілася, што гэта мясцовы жыхар, які раней яго падкормліваў.
У Віцебскім УУС расказалі, што малады сабака прыбіўся да падворку 48-гадовага жыхара Лёзна. "Мужчына падкормліваў жывёлу, і ўся акруга лічыла яго гаспадаром сабакі. Праз нейкі час жывёла стала бегаць па суседскіх гародах і псаваць пасевы", — падзяліліся падрабязнасцямі міліцыянты.
Суседзі сталі выказваць прэтэнзіі лёзненцу за паводзіны сабакі. Мужчына пабаяўся, што яму давядзецца адказваць — і забіў жывёлу.
Матэрыял праверкі перададзены ў Следчы камітэт для дачы прававой ацэнкі. За жорсткае абыходжанне з жывёламі прадугледжваецца крымінальная і адміністрацыйная адказнасць.
Раней паведамлялася, што 6 студзеня ў Лёзна на дрэве знайшлі павешанага сабаку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.