Заходнія СМІ параўноўваюць Януковіча з Лукашэнкам і разважаюць пра санкцыі

Апошнія драматычныя падзеі ва Украіне зацямнілі ўсе астатнія тэмы і чарговы раз прыцягнулі ўвагу заходніх СМІ, якія, у асноўным, разважаюць над тым, як можа скончыцца канфлікт. A нямецкі Der Spiegel задаецца пытаннем: што можа зрабіць ЕС?

Der Spiegel: “Цалкам верагодна, што зацверджаныя санкцыі будуць сціплымі. Найбольш верагоднымі з’яўляюцца забароны на паездкі ў ЕС для Віктара Януковіча і яго бліжэйшых паплечнікаў з замарожваннем любых актываў у Еўрапейскім блоку. Выбраныя прадпрыемствы таксама могуць трапіць у чорны ліст”.

Нямецкае выданне таксама нагадвае заявы прэс-службы Еўракамісіі аб тым, што будуць разглядацца і санкцыі супраць апазіцыі. У Еўракамісіі лічаць недапушчальнымі напады на ўрадавыя будынкі.

Тым часам малодшы навуковы супрацоўнік “Фонда Карнэгі за міжнародны мір” Яўген Савуцін апісвае тры магчымыя сцэнарыі далейшага развіцця. Паводле першага, Украіна становіцца яшчэ адной аўтарытарнай дзяржавай. А паводле другога і трэцяга, што праўда, менш верагодных, да ўлады прыходзіць апазіцыя альбо краіна ўвогуле расколваецца на дзве часткі. Што тычыцца санкцый, то эксперт не ўпэўнены, што яны дапамогуць:

“Дагэтуль ні ЕС, ні ЗША не адыгралі эфектыўнай ролі ў рассейванні крызісу. ЕС не можа ігнараваць гвалт і нестабільнасць на сваім парозе, але здаецца, што адзінай палітыкай з боку Бруселя могуць быць санкцыі, эфектыўнасць якіх вельмі сумнеўная”.

Некаторыя крытыкі санкцый сцвярджаюць, што іх увядзенне пагоршыць магчымы дыялог з украінскімі ўладамі, як адзначае ў інтэрв’ю Der Spiegel высокапастаўлены дыпламат ЕС.

Калі ж Еўрапейскі саюз пойдзе на прынцып, то ў стасунках з Украінай можа з’явіцца такая ж напружанасць, як і з Беларуссю, заўважае EUobserver:

“Калі ЕС пойдзе на прынцып, гэта будзе азначаць афіцыйны разрыў адносін, які паставіць Януковіча ў адзін шэраг з беларускім дыктатарам Лукашэнкам”.

У сваю чаргу эксперт, аўтар кнігі “Украінцы: Нечаканая нацыя”, Эндру Вільсан параўноўвае сённяшнюю Украіну з Балканамі 1990-х і разважае, ці можна казаць пра “грамадзянскую вайну”.

Эндру Вільсан: “У адрозненне ад Югаславіі ў пачатку 1990-х, Украіна не дзеліцца на рэспублікі з укаранелымі этнічнымі групамі, якія маюць сваіх паўстанцаў. Грамадзянская вайна прадугледжвае, што бакі прыкладна аднолькава ўзброены, але гэта не так ва Украіне, нягледзячы на заявы, што пратэстоўцы атрымалі зброю, скрадзеную ў сіл бяспекі”.

Нагадаем, што ў Кіеў накіраваліся міністры замежных спраў Польшчы, Германіі і Францыі, якія ўжо спаткаліся з украінскім прэзідэнтам Віктарам Януковічам. Пасля сустрэчы міністры вяртаюцца ў Брусель, дзе разам з міністрамі замежных спраў іншых краін Еўрасаюза вырашаць, як адрэагаваць на тое, што адбываецца ва Украіне.

Фота: euromaidan.rbc.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі