Закаханыя не заканчваюцца. J:Морс адыгралі "4-ы ці 5-ы канцэрт" на 14 лютага
Уладзімір Пугач распісваецца ў пашпарце прыхільніцы Анастасіі
Некалькі гадоў таму група J:МОРС прыдумала адзначаць 14 лютага ў кампаніі любімых гледачоў. "Закаханыя ў Беларусі не заканчваюцца", — тлумачыць гэтую традыцыю Уладзімір Пугач, стоячы 14 лютага 2019 года на сцэне мінскага Prime Hall. Карэспандэнтка Еўрарадыё пабывала на канцэрце і апісала свае ўражанні ад гэтага вечара.
Прайшоўшы дагляд, я прыпынілася каля ўваходу, каб патэлефанаваць фатографу. Раптам мяне паклікала адміністратарка, якая правярала квіткі:
— Тут мужчына, ён хоча правесці вас на канцэрт.
— Так-так, у мяне ёсць вольны квіток, я аддаў за яго 80 рублёў! — падхапіў незнаёмец сярэдніх гадоў і вельмі аддана зазірнуў у вочы.
— Дзякуй, але мне не трэба.
— Ну як жа? Лепшыя месцы! — не сунімаўся ён. — Вы нават не ўяўляеце, дзе мы з вамі будзем сядзець! Я пачакаю, раптам вы перадумаеце.
Я паспяшалася у залу, а мужчына так і застаўся стаяць каля ўваходу — вывучаць уваходзячых у клуб дзяўчат — і цэліўся ў іх сваімі 80-рублёвымі "стрэламі". Усміхніцеся, гэта 14 лютага — свята ўсіх закаханых, калі людзі проста не маюць права сумаваць і быць самотнымі. Таму ў зале ўжо поўна гледачоў.
Гадоў 15 таму, калі я вучылася ў старэйшай школе, я ўпершыню пачула J:Морс. Памятаю, што мне спадабаўся хрыплаваты голас Уладзіміра Пугача і жудасна не спадабалася песня пра віславухую прынцэсу. Я ўяўляла сабе лысага мужыка, які сядзіць у сырой камеры і спявае яе, чамусьці, віславухаму пацуку, які прымасціўся ля маленькага турэмнага акенца, а за ім гуляе кошка.
Песень ва Уладзіміра Пугача з тых часоў дадалося. Як аднойчы заўважыў мой прыяцель, "каб напісаць песню ў духу J:Морс, дастаткова падысці да акна і пачаць распавядаць пра тое, што ты за ім бачыш, перыядычна дадаючы дзіўныя метафары. Накшталт той самай "віславухай прынцэсы".
Група выходзіць на сцэну. Адна за другой льюцца знаёмыя песні: "Не здавайся", "Анёлы не спяць", "Паветра"... Потым Уладзімір Пугач, нарэшце, вітаецца.
"Гэта ўжо наш чацвёрты ці пяты канцэрт 14 лютага, — кажа ён. І пазней дадае: Кожны год мы стараемся мяняць праграму. Спадзяёмся сустрэцца з вамі і ў наступным годзе. Магчыма, да таго часу мы запішам новы альбом".
"Морсы" граюць песню "Крылы", прэм'ера якой адбылася у канцы мінулага года. Уладзімір Пугач нагадвае, што пісаў яе, калі два беларускія лётчыкі, Аляксандр Цэнцер і Андрэй Барысевіч, былі ў кругасветнай вандроўцы на маленькім самалёціку.
Яшчэ адна песня, словы якой адданыя прыхільнікі пакуль не паспелі вывучыць, — гэта "Зіма". Тэкст напісаў Барыс Штэрн. Тут вам і "іней на лабавым", і "фіялка ў гурбе адзення", а яшчэ аўтар параўнаў лірычных герояў з "вагонамі ў дэпо". Карацей, уся гэтая морсаўская метафарычнасць, якую любяць гледачы. Уладзімір Пугач кажа, што да Prime Hall група гэтую песню са сцэны не выконвала.
Потым лідара J:Морс цягне на цёпленькае. Ён згадвае, што з абеду не быў на вуліцы, але калі выходзіў, адчуў подых вясны: "Яна ж там ужо, напэўна, прыйшла?" Але публіка і не думае падыгрываць. Хто хоць раз паслізнуўся на ўчорашнім галалёдзе, той зразумее.
Праўда, адліга ўсё-ткі здараецца. "Я любіў ціха-ціха спаць у кішэнях тваіх, калі рукі твае ледзь чутна пахлі хвояй", — спявае Уладзімір Пугач, гуляючы па залітай святлом сцэне. А потым віншуе са сцэны сваіх сяброў, Машу і Пашу, якія ўчора ажаніліся.
"Праўда, вы выкралі ў сябе адно са святаў, — жартуе лідар J:Морс. — Што цяпер адзначаць: Дзень вяселля ці Дзень Святога Валянціна?"
А потым, у перапынку паміж песнямі, музыкант раптам просіць, каб да яго выйшаў добраахвотнік. "Гэта павінна быць дзяўчына", — удакладняе ён — і ўсе дзяўчаты на танцпляцы віскочуць ад захаплення, пацягнуўшы рукі да сцэны.
Пашанцавала дзяўчыне з імем Анастасія. Уладзімір Пугач дапамагае прыхільніцы падняцца на сцэну, папярэдзіўшы: "Будзем гуляць".
Яны прысаджваюцца насупраць адно аднаго. Музыкі пачынаюць граць. Лідар гурта пільна глядзіць у вочы Насці. Тая бянтэжыцца, але усміхаецца. І тут Уладзімір Пугач пачынае спяваць "Басанож па маставой". "О чорт, дзе мае 17 гадоў? — думаю я. — Ай да Пугач, ай да сукін сын!"
У пройгрышы музыкант кружыцца з прыхільніцай ў танцы. Песню пара даспявае разам, абняўшыся. Дзяўчына на сёмым небе ад шчасця! Яна просіць музыканта... распісацца ў яе пашпарце! Той згаджаецца, але папярэджвае: "Шэнген на гэтую старонку ўжо не паставяць".
У гэты вечар прагучала 19 песень: прыхільніцы двойчы ўпрошвалі музыкаў выйсці на біс. Але дазвольце, няўжо ў Prime Hall нельга наладзіць гук так, каб пасля не даводзілася пісаць, што слоў не было чуваць? Часам, каб разабраць, што пачынае граць група, трэба было прыслухоўвацца!
Падобна на тое, што музыкаў таксама не ўсё задавальняла. Уладзімір Пугач сам паказаў гледачам, дзе сядзіць гукарэжысёр: "Калі ў кагосьці ёсць да яго пытанні — звяртайцеся".
"Проста Уладзімір часам вельмі ціха спявае і я баюся зрабіць яшчэ горш, пачаўшы адладжваць. Імкнуся трымаць гук роўна", — адказвае на мае прэтэнзіі гукарэжысёр.
Вось яна, адзіная лыжка дзёгцю.