Замест дахоўкі на гістарычны будынак кладуць бляшаныя лісты (фота)
Супрацоўнікі “Мінскрамбуду”, які месціцца доме №5 па вуліцы Інтэрнацыянальнай у Мінску, скардзяцца, што па вясне праз стары дах вада залівае кабінеты.
“Ідзі на той бок. Яна ўся там у кучы ляжыць, твая дахоўка!” — з усмешкай суцяшае мяне адзін з рабочых, якія мяняюць дах на будынку па вуліцы Інтэрнацыянальнай, 5. Чырвоную дахоўку на доме, што пабудаваны ў другой палове XIX стагоддзя і ахоўваецца дзяржавай як культурна-гістарычны помнік, брыгада будаўнікоў шпарка замяняе на лісты бляхі.
Чырвонай дахоўкай славяцца турыстычныя цэнтры Прагі, Таліна і іншых старых гарадоў Еўропы. Дзіўна, што ў Мінску, які працуе над сваім брэндам і рыхтуецца да наплыву турыстаў у час чэмпіяната свету па хакеі, яе знішчаюць.
Працы пачаліся тыдзень таму. Скат даху з боку вуліцы Інтэрнацыянальнай ужо амаль цалкам адноўлены. Бляшаныя лісты ляжаць і на суседняй частцы дома, дах якой яшчэ засланы дахоўкай. Яшчэ ляжыць старая дахоўка з адваротнага боку будынка.
А знятая дахоўка сапраўды валяецца ў двары дома. Яна пабітая і ні на што не прыдатная:
Апошнія фота зробленыя з вокнаў ААТ “Мінскрамбуд”, якое месціцца ў гістарычным будынку.
“Працякаў гэты дах. І нашы кабінеты затаплівала. Не проста ж так мы гэты дах узарвалі, — распавядае Еўрарадыё супрацоўніца арганізацыі. — У нас бегла па сценах вада, асабліва калі сыходзіў снег”.
Жанчына кажа, што дахоўка не такая старая, як можа падацца. Мансарду над гістарычным домам надбудавалі бліжэй да канца XX стагоддзя.
“Там не было дахоўкі ў арыгінале на гэтых дамах, — пацвярджае мастацтвазнаўца і знаўца гісторыі Мінска Сяргей Харэўскі. — Яны былі рэнавіраваныя ў сярэдзіне 1980-х, сінхронна з Траецкім прадмесцем. Для Траецкага прадмесця тады была закупленая літоўская дахоўка, і ім перапала”.
Дом па Інтэрнацыянальнай, 5 у сярэдзіне 1960-х...
...і сёння.
Разам з тым, мастацтвазнаўца падкрэслівае, што і з тэхналагічнага, і з эстэтычнага пункту гледжання дахоўка ў гістарычным цэнтры Мінска больш дарэчы, чым бляшаныя лісты.
Сяргей Харэўскі: “Чаму больш падабаюцца брук і дахоўка? Адказ напрошваецца сам сабой: гэта рэчы арыгінальныя і ўнікальныя. У тым сэнсе, што за кожны кавалак бруку, за кожную дахоўку браліся дзясяткі людзей, і рабілі гэта ўручную, пяшчотна падганяючы. А асфальт паўсюль аднолькавы. Псіхалагічна, міжвольна мы больш увагі звяртаем на рэчы ўнікальныя, чым на рэчы ўніфікаваныя. Тое самае і з дахоўкай. Яна памятае цеплыню чалавечых рук, яна прайшла праз больш складаны працэс, яна адлюстроўвае колер нашай зямлі. Яны больш падабаецца, чым гэтая бляха, падагнаная трыма цвікамі”.
Фота: Еўрарадыё і sasharomanova.livejournal.com.