Зась — пра сілавікоў: працаваць "па паняццях" нельга

Зась — пра сілавікоў: працаваць "па паняццях" нельга

Сілавікам нельга працаваць "па паняццях". Пра гэта дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась заявіў журналістам пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 4 верасня, перадае БЕЛТА. 

Зась распавёў, што пасля нарады ў кіраўніка дзяржавы па працы праваахоўных органаў былі прынятыя пэўныя меры. Па яго словах, улада будзе рэагаваць на кожны факт, агучаны на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. 

"Кожны работнік сілавога ведамства павінен пачуць выразны сігнал, што працаваць, ігнаруючы прынятыя правілы, законы, якія існуюць у дзяржаве, нельга. Працаваць "па паняццях", так, як табе зручна і хочацца, нельга. Ёсць вызначаныя заканадаўствам рамкі і правілы, і ўсе павінны іх выконваць, перш за ўсё — людзі, якія носяць пагоны", — падкрэсліў чыноўнік.

Зась звярнуў увагу, што імгненных зменаў у сілавых структурах не адбудзецца: "Нельга казаць, што прайшла нарада — і мы ўсе з панядзелка пачалі працаваць па-іншаму. Тым не менш карэкціроўкі ўжо ёсць. І некаторым фактам ужо дадзеная ацэнка — прававая або службовая".

Нарада ў Аляксандра Лукашэнкі, прысвечаная працы сілавікоў, адбылася 20 жніўня. Падчас яе кіраўнік дзяржавы расказаў, што міліцыя празмерна ўжывае сілу пры затрыманні, што міліцыянты аказваюць ціск на затрыманых, сведкаў і нават суддзяў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі