Заяц: Беларусь разлічвае на рывок у пастаўках аграпрадукцыі ў ЗША
Пра гэта заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання нашай краіны, які знаходзіцца з візітам у Злучаных Штатах.
Беларусь разлічвае ў бліжэйшы час на рывок у пастаўках аграпрадукцыі ў ЗША. Пра гэта заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання нашай краіны Леанід Заяц. Ён знаходзіцца з візітам у Злучаных Штатах.
Паводле слоў Зайца, ставіцца задача ўжо да канца бягучага года давесці аб'ём паставак беларускай аграпрадукцыі ў ЗША да 100 млн долараў. На сённяшні дзень яны ацэньваюцца толькі ў 2,5 млн (у Злучаныя Штаты пастаўляецца казеін і некаторыя іншыя малочныя тавары). На перамовах у Вашынгтоне ставілася пытанне пра доступ на амерыканскі рынак беларускага льнянога валакна, вырабаў з ільна, сыроў і іншай малочнай прадукцыі, сокаў і морсаў (агулам 11 таварных пазіцый). А вось паставак бульбы пакуль не плануецца.
Як адзначае БЕЛТА, паездка кіраўніка беларускага Мінсельгасхарча — гэта своеасаблівы прарыў. Візітаў міністэрскага ўзроўню з Беларусі ў ЗША не было дзесяць гадоў.
Фота: АР, БЕЛТА