Збіццё Сяргея Чалага: версія міліцыі
Бойка адбылася ў дворыку за гэтай аркай. Скрыншот: "Яндэкс.Панарамы"
Міліцыя паведамляе, што затрымала чацвярых мінчукоў, якія падазраюцца ў нападзе на незалежнага аналітыка, аўтара і вядучага праграмы "Эканоміка на пальцах" Сяргея Чалага і яго сяброў. Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта па горадзе Мінску Юлія Ганчарова удакладняе, што на дадзены момант затрыманых пяцёра. Сярод іх — дзяўчына, якую не плануецца ўтрымліваць пад вартай.
Па версіі сілавікоў, напад на Чалага не звязаны з яго прафесійнай дзейнасцю — гаворка ідзе пра банальную п'яную бойку.
Ні Сяргей Чалы, ні яго сябры не казалі журналістам пра нейкія сур'ёзныя канфлікты, у якія кампанія трапляла тым вечарам. Аднак міліцыя заяўляе, што бойка — вынік сваркі паміж двума кампаніямі, якія адпачывалі ў адным дворыку. Па гарачых слядах былі затрыманыя чацвёра мінчан, якія цяпер і падазраюцца ў здзяйсненні нападу на Сяргея і яго сябра.
"Аператыўныя супрацоўнікі высветлілі абставіны здарэння, і дакладна вядома, што дадзены напад спланаваным не быў.
У выніку апытання падазраваных высветліліся дадатковыя акалічнасці: ўночы на 19 траўня 2018 года ў гэтым жа двары распівала спіртныя напоі не толькі кампанія Чалага, але яшчэ і кампанія з 5 чалавек. Каля 00:30 згаданыя маладыя людзі ўжо вырашылі разыходзіцца па дамах. Праходзячы міма кампаніі Чалага, сямейная пара, якая адстала ад сваіх сяброў, пачула ў свой адрас рознага кшталту жарты, кпіны і нецэнзурную лаянку.
Прадбачачы канфлікт, муж патэлефанаваў сябрам, якія ў той час ужо адышлі наперад. Калі гэтыя грамадзяне падышлі, кампанія Чалага справакавала канфлікт, у выніку якога пачалася ўзаемная бойка, вынік якой вырашыла колькасць выпітага спіртнога і колькасць удзельнікаў", — так бачаць тое, што адбылося, у міліцыі.
Выклікае здзіўленне, наколькі катэгарычна сілавікі (са слоў падазраваных!) сцвярджаюць, хто і як справакаваў канфлікт.
Чацвёра мінчан, якія прымалі ўдзел у бойцы, цяпер затрыманыя ў парадку артыкула 108 КПК Беларусі ("Затрыманне па непасрэдна ўзніклых падазрэннях у здзяйсненні злачынства") і знаходзяцца ў Цэнтральным РУУС горада Мінска. Прававая ацэнка дзеянням усіх згаданых фігурантаў гэтага здарэння будзе дадзеная Следчым камітэтам.