Жадан: Я фанат беларускай культуры і музыкі! (фота)

Чацвер, 4 чэрвеня. У цёмным і няўтульным мінскім Jack Club граюць украінскі ска-панк. Да нас прыехалі Сяргей Жадан і "Сабакі ў космасе". Той самы Жадан, якога называюць рок-зоркай украінскай літаратуры, адзін з самых модных сучасных украінскіх літаратараў і змагар за незалежнасць Украіны. 

"Мы ўсе, тыя хто на сцэне, і багата нашых сяброў з'яўляюцца фанатамі беларускай культуры і музыкі, у тым ліку і беларускага рок-гурта "Мроя. І для нас было вялікай радасцю, калі ўзнікла ідэя зрабіць сваю версію якой-небудзь іх песні. І мы выбралі песню "Рок-музыкант". Нам надзвычайна прыемна прэзентаваць гэтую песню сёння вам тут у Мінску", ― аб'яўляе Жадан і заводзіць ска-версію мроеўскага хіта.

Сяргей шмат гаворыць між песнямі, і так хутка, што слухач, бывае, нічога не разумее, нягледзячы на словы пра тое, што ўкраінцам і беларусам перакладчыкі не патрэбныя. 

Дарэчы, пра тое, што для перакладчыкаў Жадана надыходзіць канец света, кажа і Андрэй Хадановіч, які ў свой час "платанічна закахаўся" ва ўкраінскага паэта і пераклаў на беларускую вельмі шмат яго вершаў. 

"Два гады таму я зласліва Жадану задаў такое пытанне. Кажу яму: "Цябе як паэта не абражае, што замест слухання пад цябе танчаць?". Ён задумаўся на секунду і кажа: "Не. Гэта нашы фаны. Яны ўсе мае тэксты ведаюць на памяць", ― распавядае Хадановіч, а мы не можам з ім не пагадзіцца. 

Сотня чалавек, якія танчаць пад забойныя паўднёвыя рытмы ўкраінцаў, сапраўды спяваюць на памяць песні "Сабак у космасе". А Жадан дзякуе і паведамляе, што музыкі былі ўпэўненыя, што на іх ніхто не прыйдзе, а тут такое!

Малады паэт і лідар гурта Tonqixod Уладзь Лянкевіч, потны і стомлены ад танцаў, шкадуе, што справа не дайшла да слэма, маўляў, хлопцы шкадавалі дзяўчат, якія натоўпам прыйшлі на прыгажуна Жадана, таму стэйдж-дайвінг не адбыўся: 

"Тут ёсць вось гэты панк у яго глыбінна-сутнаснай канцэпцыі, якая блізкая мне, і гэта класна. І плюс, натуральна, гэта такая паўднёвая музыка, паўднёвы Жадан, паўднёвая энергетыка ― гэта тое, што ў Беларусі многія стараюцца зрабіць, але гэта вельмі часта выглядае ненатуральна. Людзі з поўдня прыехалі і сыгралі па-паўднёваму. Гэта было крута".

Лянкевіч кажа, што не з'яўляецца фэнам Жадана. Ён не ведае на памяць яго вершы і не асабліва сочыць за творчасцю. І робіць ён гэта знарок, бо Жадан ― гэта вірус, "які вельмі лёгка падхапіць і пасля пісаць як ён, што робяць многія беларускія літаратары". Але дзяўчат, якія прыйшлі на канцэрт ніякія вірусы не спыняюць:

"Я закаханая ў Жадана, ― прызнаецца Настасся. ― Я ведаю яго творчасць праз сваіх сяброў з Адэсы. Я сёння атрымала аргазм ад таго, што бачыла і чула".

Усё завяршаецца аўтограф-сесіяй і паэтычнымі чытаннямі ў выкананні Жадана і Хадановіча. Далей "Сабакі ў космасе" рушаць на Варшаву і працягнуць свой еўрапейскі тур у гарадах Германіі і Чэхіі. Але абяцаюць вярнуцца.

Фота by Аляксандр Tarantino Ждановіч, budzma.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі