Жанчына атрымала "хімію" за тэлефанаванне ў міліцыю і словы пра Лукашэнку
Жанчына атрымала 2 гады "хіміі" за тэлефанаванне ў міліцыю і словы пра Аляксандра Лукашэнку. 54-гадовую Алу Ціхаміраву прызналі вінаватай у "абразе прэзідэнта". Яе крымінальную справу разглядаў суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёна (суддзя — Іна Паўлоўская), паведамляюць праваабаронцы.
Сцвярджаецца, што 17 кастрычніка сёлета жанчына патэлефанавала з хатняга тэлефона на нумар "102" і нецэнзурна аблаяла Лукашэнку. У судзе было заяўлена, што Ціхамірава ў 2021 годзе больш за 100 разоў без патрэбы тэлефанавала ў міліцыю. Там лічаць, што яна "ускладняла працу праваахоўнікаў і замінала іншым грамадзянам да іх звяртацца".
Пасля тэлефанавання наконт Аляксандра Лукашэнкі Алу Ціхаміраву хутка знайшлі і затрымалі. Суда яна чакала за кратамі. Прысуд быў агучаны 20 снежня (ён яшчэ можа быць абскарджаны). У зале суда Ціхаміраву вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Яе мусяць накіраваць у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.