Венгрыя не падтрымае рашэнні ЕС, якія перашкаджаюць развіццю кантактаў з РБ

Петэр Сіярта

Петэр Сіярта / БЕЛТА

Венгрыя не будзе падтрымліваць рашэнні ЕС, якія адмоўна адбіваюцца на нацыянальных інтарэсах краіны і развіцці кантактаў з Беларуссю. Пра гэта заявіў міністр замежных справаў і замежнага гандлю Венгрыі Петэр Сіярта ў Мінску. Яго словы прыводзіць БЕЛТА.

"Наша рашучасць і наш пункт гледжання адназначныя: ва ўсіх абласцях, якіх не тычацца санкцыі, Венгрыя зацікаўленая ў развіцці супрацоўніцтва", — сказаў Сіярта. І для развіцця гэтага супрацоўніцтва Будапешт, паводле яго слоў, гатовы даць Мінску любую падтрымку.

Сіярта адзначыў, што санкцыі ЕС ускладняюць развіццё стасункаў, "сітуацыя застаецца няпростай". Але ёсць сферы, якіх санкцыі не закранулі, і па гэтых напрамках у Будапешце "адкрытыя да ўмацавання супрацоўніцтва". Гаворка ідзе пра супрацоўніцтва ў такіх сферах, як сельская гаспадарка, прамысловасць, фармацэўтыка і харчовая бяспека.

Нагадаем, ЕС не прызнаў вынікаў прэзідэнцкай кампаніі 2020 года ў Беларусі і асудзіў здушэнне пратэстаў. Еўрапейскія краіны ўстрымліваюцца ад публічных кантактаў з афіцыйным Мінскам. Кіраўніцтва Венгрыі тым часам падтрымлівае кантакты з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі і трымаецца адрознай пазіцыі па канфлікце ва Украіне. Да прыкладу, прэм'ер-міністр краіны Віктар Орбан выступаў супраць вылучэння Украіне дапамогі ў памеры 50 млрд еўра. Толькі пасля таго, як яму прыгразілі захадамі эканамічнага ўздзеяння, ён зняў вета.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі