Журналіст Алег Груздзіловіч прэзентаваў кнігу пра сваё турэмнае зняволенне
Алег Грузділовіч / "Радыё Свабода"
Былы палітвязень і ў мінулым журналіст "Радыё Свабода" Алег Груздзіловіч прэзентаваў у Вільнюсе кнігу "Мае турэмныя муры", распавядае рэсурс"Пазірк". Ён сабраў у адну гісторыю перажыванні і падзеі, якія з ім адбываліся ў зняволенні. На думку Алега Груздзіловіча, гэтая кніга можа быць цікавай сваякам палітвязняў. Яна дапаможа ім зразумець, праз што вымушаныя праходзіць іх родныя.
А яшчэ, мяркуе журналіст, гэты досвед дапамагае асэнсаваць, што адбываецца з краінай. І лішні раз даказвае, што шлях цяперашняй Беларусі тупіковы. Кніга даступная для бясплатнай запампоўкі.
Нагадаем, Алега Груздзіловіча затрымалі ў снежні 2021 года, а ў сакавіку 2022-га прысудзілі 1,5 года калоніі. Але ў выніку за кратамі журналіст правёў 9 месяцаў, ён выйшаў на волю ў верасні 2022 года (падаў прашэнне аб памілаванні, але віну пры гэтым не прызнаў). Як вынікае з кнігі, пасля вызвалення яго адканваявалі на мяжу з Літвой, аддалі пашпарт і выпусцілі з краіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.