Журналістаў Лунёву і Краўчука аштрафавалі на 690 рублёў кожнага
Заводскі суд Мінска 3 кастрычніка пакараў журналістаў Любоў Лунёву і Змітра Краўчука штрафамі па 690 рублёў кожнага (30 базавых велічыняў. Іх прызналі вінаватымі ў працы без акрэдытацыі на тэлеканал “Белсат”, паведамляе прэс-служба "БАЖ".
Бадай, упершыню ў беларускай судовай практыцы абое журналісты былі пазначаныя як сведкі ў пратаколах адзін на аднаго.
Нагодай для суда сталі падзеі, якія адбыліся 29 жніўня. Тады ў мінскім мікрараёне Шабаны журналісты здымалі сюжэт для тэлеканала "Белсат". Ён распавядаў пра бацькоўскі сход у школе, якую ўлады вырашылі зачыніць. На сход журналістаў запрасілі бацькі. А потым чыноўніца з Упраўлення адукацыі, спорту і турызму Заводскага раёна Мінска Людміла Ляхновіч распавяла на відэакамеру прычыны закрыцця школы. Па яе словах, будынак быў узведзены ў сярэдзіне 90-х вельмі кепска.
На судзе Зміцер Краўчук заявіў, што мае акрэдытацыю МЗС Беларусі і нічога не парушаў пры падрыхтоўцы сюжэта.
Любоў Лунёва, у сваю чаргу, заявіла хадайніцтва, каб суд звярнуўся ў Канстытуцыйны суд Беларусі ў сувязі з супярэчнасцямі ў заканадаўстве. Яна нагадала, што Канстытуцыя дае права кожнаму грамадзяніну збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Суддзя спярша адклала вырашэнне хадайніцтва, а потым яго адхіліла.
Чыноўніца Людміла Ляхновіч на судзе заявіла, што скажэнняў інфармацыі ў сюжэце "Белсата" няма.
Аднак суддзя ўсё адно прысудзіла журналістам вялікія штрафы.