Злы лёс. Буйныя ДТЗ з беларусамі ва Украіне за апошні час
“Пяць пасажыраў загінулі на месцы аварыі”
Адно з самых жахлівых ДТЗ адбылося 20 ліпеня ў Мікалаеўскай вобласці Украіны. Мікрааўтобус з беларускім турыстамі рухаўся па маршруце “Адэса — Гомель”. Аўтамабіль на беларускіх нумарах урэзаўся ў грузавік, які стаў на абочыне праз няспраўнасць.
Чатыры пасажыры і кіроўца мікраўтобуса загінулі адразу пасля сутыкнення. Астатніх 15 чалавек у цяжкім стане адвезлі ў бальніцу недалёка ад пасёлка Крывое Возера. Як стала вядома пазней, у машыне знаходзілся жыхары Гомеля, Жлобінскага і Веткаўскага раёнаў.
“Адмовілі тармазы, у салоне знаходзіўся 41 чалавек”
Літаральна праз месяц у аварыю ва Украіне трапіў яшчэ адзін аўтобус на беларускіх нумарах. Уначы 22 жніўня аўтобус Setra з турыстамі ў Івана-Франкоўскай вобласці з’ехаў у кювет і знёс плот.
У салоне знаходзіўся 41 пасажыр, якія ехалі на адпачынак праз Украіну. Мяркуецца, у аўтобуса зніклі тармазы, што і прывяло да ДТЗ. Таксама не выключаецца, што кіроўца заснуў за рулём. Ніхто з пасажыраў аўтобуса, на шчасце, не пацярпеў.
“Трапіў пад цягнік...”
У Жытомірскай вобласці 1 кастрычніка загінуў беларус. На чыгуначным пераезде кіроўцу на МАЗе збіў цягнік. Хутчэй за ўсё, беларус хацеў праскочыць пераезд на чырванае святло, але не паспеў.
“Зноў аварыя ў Мікалаеўскай вобласці”
Чарговае ДТЗ з беларусамі ў Мікалаеўскай вобласці адбылося раніцай 4 кастрычніка. Маршрутка, у якой знаходзіліся 8 чалавек (7 з якіх беларусы), урэзалася ў пад’ёмны кран, які ехаў у папутным кірунку. Чацвёра беларусаў зараз знаходзяцца ў хірургічна-траўматалагічным аддзяленні раённай бальніцы. Яшчэ двое знаходяцца ў цяжкім стане ў рэанімацыі.