Znich "Мроя"
Алесь Таболіч: "Новы альбом больш меладычны і адначасова эксперыментальны. У ім змяшаліся фольк, брутальшчына ды кораўскія рыфы".
Сёння ў “Перадачы-аглядачы” будзем выпраўляць мінулагоднія памылкі. Не ведаю якім чынам так здарылася, але мы забыліся паразмаўляць пра новы альбом гурта Znich “Мроя”, які быў выдадзены яшчэ ў кастрычніку 2011 года. Хоць, шчыра кажучы, новым гэты альбом назваць складана. З папярэдняга альбома “Крыжы-абярэгі” (2007) мінула пяць год. Таму ўсе песні новага дыску паступова з’яўляліся ў канцэртных выступах гурта і прыхільнікам яны ўжо добра вядомыя. Магчыма, каб падкрэсліць такую, так бы мовіць, пераемнасць, музыкі вырашылі дадаць на “Мрою” яшчэ два бонусы — самыя моцныя трэкі мінулага альбому “Крыжы-абярэгі” ды “Крыва-крывейта”. Маўляў, паглядзіце, як было тады — і як зараз!
А тое, што ёсць што параўноўваць, заўважна ўжо ад першага трэку дыска. Па-першае, альбом атрымаўся больш меладычным, багатым на аранжыроўкі ды інструментальныя ўстаўкі, а, адпаведна, і больш лёгкім за нават тыя ж “Крыжы-абярэгі”. Дарэчы, ці не асноўную ролю ў аранжыроўках цяпер пачалі выконваць клавішы. Яны і раней для “знічоў” былі амаль вядучым інструментам, а зараз увогуле… І вось што дзіўна, іх шмат, але не скажаш, што перабор! Як раз тое, што і трэба!
Увогуле на альбоме “Мроя” даволі шмат эксперыментаў, звязаных са стылістыкай ды гучаннем. Сам лідар ды вакаліст гурта Алесь Таболіч напярэдадні выхаду дыска казаў, што “музыка стала вельмі складаная. Больш меладычная і адначасова эксперыментальная. Цяпер прысутнічаюць розныя накірункі, не толькі пэган-метал. Будзе і фольк, і брутальшчына, будуць і кораўскія рыфы... Карацей, вельмі рознабаковы альбом атрымаўся". І з гэтым цяжка не пагадзіцца. З аднаго боку, альбом сапраўды вельмі розны, а з іншага, ён застаўся “знічоўскім”. То бок рука Znich пазнаецца дастаткова лёгка. Хоць цалкам магчыма, што дзякуючы голасу таго ж Алеся Таболіча.
Як і мусіць быць у метал-пэган-гурта, “народнасць” вакол альбома “Мроя” так і лунае. І гэта пры тым, што сапраўды народная песня на ім толькі адна. Астатнія кампазіцыі цалкам аўтарскія. Немалую ролю для такога ўспрымання, безумоўна, выконвае дуда, якой на дыску не шмат, але менавіта там, дзе трэба, без перабольшванняў. Прыемна, што гэты прынцып музыкі захавалі і на непасрэдна народнай “Каляда-калядзец” .
Колькі словаў пра тэксты, бо вельмі здзіўляе адданасць ідэі. Ведаеце, як “Король и Шут” ужо колькі альбомаў выдалі, а тэматыка тая ж. Падавалася б: ну адкуль яны бяруць тыя сюжэты? Варта б было куды-небудзь пераключыцца, паспяваць пра нешта іншае. Не! Знаходзяць, і, нават, не паўтараюцца. Так і ў выпадку са “Знічом”. Пра змаганне, пра славутае мінулае, пра нашых ваяроў-волатаў, багоў і ўсё без паўтору, усё новае! Цікава, што адзін з такіх тэкстаў альбому упершыню належыць жонцы Алеся Таболіча, Алесі Гурской-Таболіч — словы да песні “Гэты лёс”.
Увогуле, размаўляючы пра тэксты Znich, узгадваецца гісторыя, а магчыма, што гэта проста плётка ці жарт. Карацей, у самыя светлыя для развіцця беларускай рок-музыкі часы, калі ўсіх нізкаякасных музыкаў прыбралі адміністрацыйным загадам, бацьку Таболіча выклікаюць на размову і пытаюцца: "А пра што ваш сын спявае, бо нічога не разабраць?". Той без лішніх разважанняў адказвае: "Ну як!? Як і ўсе, пра каханне!". І ўпрынцыпе, бацька не памыліўся, можна ж і так сказаць.
Ну, і на канец трошкі дзёгцю ў бочку мёда. Нешта з запісам не тое. Нібы ўсё на месцы, усяго хапае, але ў той жа час неяк глуха ўсё гучыць. Часам бывае, што моцна вылазяць клавішы і закрываюць гітары. А бывае і наадварот — за гітарным “чосам” не чуваць ні клавішаў, ні дуды. Дуда, дарэчы ўвогуле толькі ўгадваецца, але, як было сказана раней, магчыма, гэта і не дрэнны крок. Тым не менш, “Мроя” атрымалася цалкам ажыццяўляльнай ды вельмі моцнай, але выніковыя высновы рабіць усё ж вам.
Трэк-ліст:
01 - Intro
02 - Вечнасць
03 - Атрута
04 - Мроя
05 - Ярыла
06 - Гэты лёс
07 - Каляда-калядзец
08 - Шлях
09 - Бог вайны
10 - Крыжы-абярэгі (bonus)
11 - Крыва-крывейта (bonus)
12 - Outro
Бонусам кліп на песню "Мроя" ды фотаздымкі гурта!
Інфармацыя:
Музыка: А.Беленькі, С.Стэц
Словы: Алесь Таболіч, акрамя 6 (Алеся Гурская-Таболіч)
Алесь Таболіч — вакал
Аляксандр Гарох — ударныя
Сяргей Стэц — гітара
Цімур Ганбараў — бас
Кастусь Трамбіцкі — дудкі, дуда
Аляксандр Беленькі — клавішы
Запіс, звядзенне, мастэрынг — Аляксандр Беленькі
Трэк 4 запісаны ў 2010 годзе
Бэк-вакал — Ларыса Сімаковіч
Трэкі 10,11 запісаныя ў 2004 годзе
Бас-гітара — Вікторыя Сянкевіч