Зяленскі: Украіна заклікае Беларусь да адкрытага, няхай і цяжкага дыялогу
Украіна заклікае Беларусь да максімальна адкрытага, няхай і цяжкага дыялогу, да адмовы ад вулічнага гвалту, да максімальнай цярпімасці. Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі выступіў з заклікам да ўладаў Рэспублікі Беларусь. Ён лічыць, што "менавіта такі падыход дазволіць забяспечыць выхад з цяжкай крызіснай сітуацыі і шчыра абмеркаваць далейшыя крокі і фарматы грамадскага ўзаемадзеяння".
Зяленскі перакананы, што толькі ўзаемаразуменне паміж усімі бакамі (урадам і пратэстуючым грамадствам) "здольнае захаваць незалежнасць краіны і забяспечыць яе далейшы рух да свабоды і дэмакратыі". У адваротным выпадку ўкраінскі прэзідэнт прагназуе ўзрастанне эскалацыі гвалту і "негатыўныя наступствы".
"Нашы суседзі беларусы перажываюць цяпер няпростыя часы, — піша Уладзімір Зяленскі. — Яны спрабуюць вызначыць вектар свайго далейшага развіцця. І гэта вельмі няпроста".
Прэзідэнт Украіны падкрэслівае, што ўжо цяпер відавочна: "далёка не ўсе ў краіне згодны з аб'яўленымі папярэднімі вынікамі выбараў". А "любая легітымнасць узнікае выключна з грамадскага даверу". Па словах Зяленскага, "сумненні ў такіх маштабах", якія назіраюцца ў Беларусі, "гэта наўпроставы шлях да гвалту, да канфлікту, да ўзрастаючага грамадскага пратэсту". І якраз гэта цяпер назіраецца, падкрэсліваецца ў звароце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.