“Зялёныя чалавечкі” на беларуска-украінскай мяжы — спецпадраздзяленні РБ
“У нас няма ніякіх зялёных чалавечкаў — гэта раз, — каментуе прэс-афіцэр памежнага камітэту Аляксандр Цішчанка. — А па-другое, у нас ёсць падраздзяленні, які забяспечваюць памежную бяспеку, правапарадак і г.д. На мяжы ў нас працуюць толькі падраздзяленні памежнай службы. А калі гэта спецпадраздзяленне, то чаму яно павінна быць з апазнавальнымі знакамі? Можа, ім яшчэ і бэджыкі павесіць ды хатнія адрасы напісаць? Дзе вы бачылі ў спецпадраздзяленняў якія-небудзь знакі, гэта ж спецпадраздзяленне!”
Байцы ў масках, з аўтаматамі і без апазнавальных знакаў вечарам 6 верасня сустракалі цягнік з футбольнымі заўзятарамі, якія вярталіся са Львова. Адпаведныя здымкі з’явіліся ў сацыяльных сетках разам з паведамленнямі пра вельмі шчыльны памежны дагляд фанатаў і перапісванне іх прозвішчаў.
“Людзі разагрэтыя — раз, могуць быць засмучаная пройгрышам — два, тры — могуць быць нейкія правакацыйныя дзеянні ў гэтым асяроддзі. Людзей жа падбухторыць можна на ўсялякую лухту, — тлумачыць неабходнасць з’яўлення спецпадраздзялення на мяжы Аляксандр Цішчанка. — Меры бяспекі, яны паўсюль меры бяспекі. У прынцыпе, сітуацыя цалкам нармальная, я не разумею, што непакоіць у гэтым выпадку”.
Нагадаем, 5 верасня ў Львове прайшоў футбольны матч зборных Украіны ды Беларусі, дзе наша каманда прайграла з лікам 1:3. Перад матчам фанаты абедзвюх каманд прайшліся агульным маршам па горадзе.
Фота: belultras.by, svaboda.org