З'явіліся імёны яшчэ 3 ураджэнцаў Беларусі, якія загінулі ва Украіне ў часцях РФ
Расійская вайсковая форма, знойдзеная пад Кіевам пасля адступлення расіян у красавіку 2022 года, ілюстрацыйнае фота
Украінскі праект poternet.site апублікаваў прозвішчы яшчэ васьмі ўраджэнцаў Беларусі, якія ваявалі ў расійскай арміі ды загінулі падчас баёў на тэрыторыі Украіны. Імёны трох з іх раней не былі вядомыя, адзначае Радыё "Свабода".
25 сакавіка 2022 года загінуў Вячаслаў Моніч, які нарадзіўся ў 1974 годзе ў Пінску. Ён служыў у 9-м упраўленні дэпартамента аператыўнай інфармацыі пятай службы ФСБ Расіі. Падрабязнасці пра абставіны гібелі не паведамляюцца.
Павел Макараў загінуў 19 красавіка 2022 года, ваюючы ў складзе разведроты парашутна-дэсантнага палка. Ён нарадзіўся ў Мінску ў 1987 годзе. Пасля яго нарадэжння бацькі пераехалі ў Кастрамскую вобласць Расіі. Макараў быў кантрактнікам у паветрана-дэсантных войсках Расіі, механікам-кіроўцам. Пахавалі яго на Алеі славы ў Кастраме.
Уладзіслаў Чарноў нарадзіўся ў Магілёўскай вобласці ў 1997 годзе. Калі яму было два гады, сям’я пераехала ў Тамбоўскую вобласць Расіі. Чарноў быў кантрактнікам у Нацгвардыі ў званні малодшага сяржанта. Загінуў 28 сакавіка 2022 года. Пахавалі яго ў пасёлку Знаменка Тамбоўскай вобласьці.
Раней было вядома пра гібель 16 беларусаў і выхадцаў з Беларусі, якія ваявалі на расійскім баку супраць Украіны — у прыватнай вайсковай кампаніі "Вагнер", расійскай арміі ды ў фармаваннях так званых "ДНР" і "ЛНР". Гэта Андрэй Бабко, Раман Гровіч, Васіль Курловіч, Аляксандар Шыянаў, Пётра Лузанаў, Павал Яўглеўскі, Ільля Курналёў, Уладзіслаў Чарноў, Мікалай Маркаў, Ігар Валачылаў, Аляксей Цішкевіч, Віталь Загнеткін, Аляксандар Міхайлаў, Іван Ігнаценка, Яраслаў Асташкоў і Сяргей Ланавенка.
Разам з тым за апошнія дзесяць гадоў, абараняючы Украіну, загінулі 57 беларусаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.