З'явіліся новыя дадзеныя пра тэрарыстаў, якія атакавалі Парыж
![З'явіліся новыя дадзеныя пра тэрарыстаў, якія атакавалі Парыж](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/1320237221reuters715.jpg.webp?itok=haEwlnfH)
Тэрарысты ўвечары 13 лістапада ў Парыжы праўдападобна дзейнічалі трыма групамі. Яны каардынавалі свае дзеянні, мелі на ўзбраенні аўтаматы Калашнікава і "ідэнтычныя выбуховыя прыстасаванні". Такую заяву зрабіў пракурор Прыжа Франсуа Мален, інфармуе Le Figaro.
Адна група тэрарыстаў-смяротнікаў спрабавала патрапіць на стадыён "Стад дэ Франс", што ёй зрабіць не ўдалося. Таму выбухі былі арганізаваныя ў яго наваколлі. Яшчэ дзве групы здзяйснялі напады ў іншых месцах, яны перасоўваліся па французскай сталіцы на аўтамабілях VW Polo і Seat. Сем тэрарыстаў знішчаныя. Па неафіцыйных звестках, адзін удзельнік нападу, 29-гадовы грамадзянін Францыі, быў затрыманы.
Па падазрэнню ў датычнасці да тэрактаў у Парыжы ў Бельгіі арыштавалі трох чалавек. Вядома, што трое тэрарыстаў прыехалі ў Парыж менавіта з гэтай краіны. У Бельгіі ў арэнду грамадзянінам Францыі быў узяты адзін з аўтамабіляў, на якім перасоўваліся ўдзельнікі нападу на французскую сталіцу.
Высветлілася, што ў аднаго з тэрарыстаў знайшлі сірыйскі і егіпецкі пашпарты (аднак яны могуць быць і падробкай). Па першым дакуменце ўцякач патрапіў у Еўрасаюз праз Грэцыю. Вядомыя імёны траіх тэрарыстаў-смяротнікаў (праўда, паводле неафіцыйнай інфармацыі). Гэта — грамадзянін Сірыі Ахмед Алмахамед, які трапіў у Францыю праз Сербію, нехта Абдулакбак Б. і 29-гадовы Ісмаіл Амар Мастэфа, які некалькі гадоў жыў у горадзе Шартр. Бацьку і брата апошняга арыштавала паліцыя.
Як паведамляла Еўрарадыё, увечары 13 лістапада ў Парыжы адбылася серыя тэрактаў (выбухі каля стадыёна "Стад дэ Франс", захоп закладнікаў на рок-канцэрце ў тэатры "Батаклан"). Загінулі 129 чалавек, 352 атрымалі раненні, дзясяткі людзей знаходзяцца ў цяжкім і крытычным стане.
У Францыі абвешчана трохдзённая жалоба.
Фота: AFP, Reuters
![З'явіліся новыя дадзеныя пра тэрарыстаў, якія атакавалі Парыж](/sites/default/files/paragraphs/image/1320212650afp715.jpg)