10 галоўных беларускіх фэстаў гэтага лета
Фолк, джаз, рок, дыскатэка... Еўрарадыё склала спіс фестываляў, якія варта наведаць падчас адпачынку.
Мінула амаль траціна лета, але фестывальны ўраган на Беларусь па-сапраўднаму абрынецца толькі праз некалькі дзён. Еўрарадыё прапануе 10 самых цікавых беларускіх фэстаў, якія варта наведаць аматарам добрай музыкі і адпачынку.
Стартаваць летнія беларускія фестывалі, як ні дзіўна, будуць у клубе, са свята Купалля — фэсту "Купальскае кола". 27 чэрвеня цягам 8-мі гадзін на сцэне клуба Re:Public будуць выступаць беларускія, украінскія і польскія каманды, якія спалучаюць у сваёй творчасці фальклор, медыяваль і сучасныя музычныя накірункі: Pawa, Znich, Litvintroll, "Веремій", Percival Schuttenbach, "Тринадцатый бубен", "Тінь Сонця" і іншыя.
Znich
28-29 чэрвеня ў Гродне пройдзе вядомы джазавы фэст "Grodno Jazz-2014". Выступоўцы — беларускія і польскія выканаўцы: трыа Яўгеніі Лятун, Piotr Baron Qvintet, Аркестр в/ч 5522, Пётр Клюеў & City Jazz Qvartet, Barilazz band, Malgorzata Wyrwicz, Apple tea, Біг-Бэнд Гродзенскай філармоніі і іншыя. Фэст пройдзе на тэрыторыі Новага замка.
"Grodno Jazz"
Працягне спякотны фестывальны марафон "Мост", маштабны оўпэн-эйр, які сёлета адсвяткуе толькі свой другі Дзень нараджэння. Але зноў збіраецца парадаваць беларусаў крутым хэдлайнерам, брытанскім гуртом Kasabian, і не менш крутымі ўдзельнікамі, сярод якіх Guano Apes, "Ленинград", Stigmata, "Дай дарогу!", Akutе і т.д. "Мост" пройдзе 3-4 ліпеня на аэрадроме "Баравая" пад Мінскам. На тэрыторыі фэсту будзе прадавацца ежа і, спадзяемся, піва, як і летась.
"Мост"
На наступны дзень пасля "Моста", 5 ліпеня, на хутары Шаблі на Валожыншчыне пройдзе не менш знакаміты фестываль новага этна "Вольнае паветра". Сёлетні фэст прыпадае акурат на Купалле, таму, уласна, убярэ ў сябе ўсе атрыбуты свята. Усё будзе выглядаць прыкладна так: удзень на вялікай сцэне выступяць беларускія гурты "Троіца", "Стары Ольса", "Альтанка", Vuraj i Pafnutiy’s Dreams. А ў 23 гадзіны ў даліне ракі Буянка, што працякае паўз хутар, будуць адзін за другім запальвацца вогнішчы, спявацца песні, вадзіцца карагоды ды пускацца вянкі. У Шаблях можна будзе разбіць намёт і пераначаваць. А на раніцу заняцца ёгай.
"Вольнае паветра"
18 ліпеня на Востраве кахання ў Мінскім моры пройдзе адзін з галоўных беларускіх фэстаў электроннай музыкі "Космос наш". Імпрэза, як і 10 гадоў таму, збірае лепшых прадстаўнікоў сусветнай электроншчыны. Сёлета да нас прыедуць немцы Oliver Koletzki & Fran, Timo Maas, англічане Goldie & MC GQ, ды беларусы Конь, Ярык і Nerv. Пачатак у 21:00.
"Космос наш!"
18-19 ліпеня ў польскім Гарадку ў 25-ты раз пройдзе легендарны фестываль маладой беларускай музыкі "Басовішча-2014". Юбілей фэсту прыедуць адзначыць мэтры беларускага року "Крама", Neuro Dubel, Лявон Вольскі і этна-трыа "Троіца", заўсёднікі форуму IQ48, :B:N:, мінчане Re1ikt і "Тлушч", магілёўцы Nizkiz i польскія гурты Warsaw Balkan Madness і R.U.T.A. Святочны фэст пройдзе без традыцыйнага конкурсу маладых гуртоў. І не вядома пакуль, ці змогуць аматары беларускага року атрымаць візавую падтрымку.
26 ліпеня востраў у Камсамольскім возеры пераўтворыцца ў арт-пікнік Freaky Summer Party. Свята ўжо вызначылася з хэдлайнерамі — гэта будуць Debruit, Jon Kennedy і Cheese People. Што да арт-пікніка і іншых забаваў, то сёлета гэтага будзе яшчэ больш, чым летась. Дададуцца экстрэмальныя гульні: ёсць планы, усталяваць скейт-парк, задзейнічаць другі бераг возера, зладзіць катанне на вэйк-бордах. Плануецца правесці "маркет" і прапанаваць шмат ежы (пітва — не, бо пікнік безалкагольны).
FSP
1-2 жніўня хутар Шаблі стане месцам дыслакацыі новага фестывалю "Дружба". Сваёй асноўнай місіяй арганізатары сціпла лічаць “сабраць добрых людзей разам і добра пабавіць час у сяброўскай атмасферы”. Адсюль, маўляў, і назва фэсту. За два дні на галоўную сцэну выйдуць расіяне Дельфин, “Ногу Свело”, Animal ДжаZ, прадстаўнік Украіны Сяргей Бабкін ды беларусы “Серебряная Свадьба”, “Без Билета”, Akute, Botanic Project, “Петля Пристрастия”, “Кассиопея”, Navi, Sounduk, :B:N:, Harotnica ды іншыя.
8 жніўня ў Мірскім замку ўпершыню пройдзе загадкавы фэст "Мірум". На сёння вядома, што граць там будуць джаз. І што выступіць там мінская каманда Tanin Jazz і грузінская зорка Ніно Катамадзэ. У хуткім часе, спадзяемся, інфармацыі пра форум стане больш. Сачыце за навінамі на Еўрарадыё!
Ніно Катамадзэ
9-10 жніўня ў вёсцы Чачэвічы, што пад Магілёвам, прагрыміць штогадовы оўпн-эйр-фестываль "Восьмой приход". У ім возьмуць удзел магілёўскія каманды "Авангардшкола", "Заточка", Bez.Not, 3T.ON, украінцы Epolets, а хэдланерамі стануць Akute i "Дай Дарогу!". Арганізатары, апроч музыкі, абяцаюць цікавую забаўляльную праграму, месца для намётаў і добрыя кропкі харчавання. Тыя, хто збярэцца на "Восьмой приход" без аўто, змогуць даехаць да Чачэвічаў адмысловым аўтобусам з Магілёва.
Фота ria.ru, mi.by, vicnaum.livejournal.com, Euroradio