1200 навукоўцаў просяць ЕК спыніць будаўніцтва плота на мяжы Беларусі і Польшчы
Супраць будаўніцтва плота на беларуска-польскай мяжы выступілі навукоўцы-эколагі з Польшчы ды іншых дзяржаў Еўрасаюза.
Больш за 1200 навукоўцаў падпісалі зварот да Еўракамісіі на сайце naukadlaprzyrody.pl. Яны патрабуюць спыніць будаўніцтва агароджы.
"Мы звяртаемся да Еўрапейскай камісіі з заклікам пачаць усе магчымыя крокі, каб неадкладна спыніць будаўніцтва сцяны на польска-беларускай мяжы да ацэнкі ўздзеяння гэтага праекта [на навакольнае асяроддзе]", — пішуць аўтары звароту.
На іх думку, такая агароджа можа нанесці непапраўную шкоду флоры і фаўне, асабліва ў Белавежскай пушчы. Пад пагрозай акажуцца ключавыя прыродныя працэсы, дзякуючы якім Белавежская пушча ўнесеная ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Акрамя польскіх навукоўцаў пад зваротам паставілі подпісы іх калегі з Даніі, Італіі, Швецыі ды іншых дзяржаў.
Польшча пачала будаўніцтва плота на мяжы з Беларуссю ў студзені 2022-га. Такое рашэнне было прынятае ў выніку міграцыйнага крызісу, які ўзнік на мяжы Беларусі і краін ЕС. Заходнія палітыкі абвінавацілі афіцыйны Мінск у штучным стварэнні гэтага крызісу і назвалі яго формай гібрыднай вайны супраць Захаду.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.