17 кастрычніка ў Беларусь прыедзе місія МВФ
Беларускія ўлады напэўна скарыстаюцца гэтым візітам, каб паспрабаваць дамовіцца на наступны крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонда.
Цягам 12 дзён — з 17 па 28 кастрычніка — эксперты МВФ правядуць пяты постпраграмны маніторынг беларускай эканомікі. Нагадаем, праграма stand-by з Міжнародным валютным фондам завяршылася ў канцы сакавіка 2010 года. Па ёй Беларусь атрымала ад фонда крэдыт у памеры 3,5 мільярда долараў на стабілізацыю эканомікі.
“Супрацоўнікі МВФ падрыхтуюць справаздачу, якую разгледзіць Савет выканаўчых дырэктараў МВФ. Як і ў выпадку папярэдніх місій такога фармату, гэты візіт дасць магчымасць абмеркаваць макраэканамічную палітыку, што праводзіцца ўладамі, і перспектывы развіцця беларускай эканомікі”, — адзначаюць у беларускім прадстаўніцтве МВФ.
Місію ўзначаліць Дэвід Хофман.
Днямі Беларусь перадала ў МВФ план па структурным рэфармаванні эканомікі. На думку некаторых беларускіх экспертаў, сумесны план па структурным рэфармаванні эканомікі можа быць тактычным крокам, скіраваным для атрымання новых крэдытаў.