2016-ы ў Беларусі плануецца абвясціць Годам культуры

2016-ы ў Беларусі плануецца абвясціць Годам культуры

Рыхтуецца праект указа пра абвяшчэнне 2016-га — Годам культуры ў Беларусі. Пра гэта са словаў першай намесніцы міністра культуры Ірыны Дрыгі паведамляе БЕЛТА.

"З ініцыятывай аб'явіць 2016-ы Годам культуры выступілі ў першую чаргу творчыя работнікі. Гэтая ініцыятыва не столькі Міністэрства культуры Беларусі, колькі прадстаўнікоў творчых саюзаў", — заявіла чыноўніца.

Дрыга падкрэсліла, што будучы год — год знакавых юбілеяў у сферы культуры. Будзе адзначацца 125-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча, 75-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна, юбілеі Кандрата Крапівы, Івана Шамякіна ды іншых літаратараў. Акрамя таго, сваё 25-годдзе адзначыць фестываль мастацтваў "Славянскі базар".

Па словах чыноўніцы, адным з першых такіх знакавых падзей стане канцэрт памяці Уладзіміра Мулявіна. Ён пройдзе ў Белдзяржфілармоніі 12 студзеня — у дзень нараджэння знакамітага спевака.

У 2016 годзе будзе актуальнай папулярызацыя беларускага мастацтва, яркіх імёнаў беларускай культуры. Плануецца адкрыць некаторыя аб'екты культуры пасля рэстаўрацыі. У Слуцку мяркуецца ўсталяваць помнік легендарнай княгіні Анастасіі Слуцкай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі