Ад барацьбы да абароны сістэмы: краіны Еўропы праз 30 гадоў пасля рэвалюцыі
Рэшткі Берлінскай сцяны на Патсдамскай плошчы ў Берліне / Reuters
30 гадоў таму па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе пракацілася хваля рэвалюцый. Ад Польшчы да Румыніі адзін за другім палі камуністычныя рэжымы. Дзесьці мірна, дзесьці з вялікімі чалавечымі стратамі.
Праз 30 гадоў у Польшчы і Чэхіі дэмакратыя, дасягнутая ў 89-м, знаходзіцца пад пагрозай, а Румыніі і Германіі так і не ўдалося да канца разабрацца з мінулым і перагарнуць тую старонку гісторыі. Журналісты з Украіны і Малдовы сустрэліся з удзельнікамі рэвалюцый 1989 года і пагаварылі пра тое, як тады палі камуністычныя рэжымы і як справы ідуць цяпер.
Польшча: дэмакратыя пад пагрозай
Польшчы спатрэбілася дзевяць гадоў мірных пратэстаў пад сцягамі першага незалежнага прафсаюза "Салідарнасць", каб прыйсці да падзення рэжыму. "Мы пратэставалі ўвесь час. Але як доўга можна пратэставаць? На працягу амаль дзесяці гадоў мы пратэставалі і пратэставалі. Мы былі знясіленыя, але ўлада таксама стамілася", — расказвае ўдзельніца пратэстаў і былая перакладчыца лідара "Салідарнасці" Леха Валенсы Ганна Марыя Мідлярская.
Сёння ў Польшчы падзеі 30-гадовай даўніны ўспамінаюць з гонарам. Праўда, на думку многіх, уключаючы і лідара "Салідарнасці" Леха Валенсу, дасягненні 1989 года знаходзяцца пад пагрозай з-за аўтарытарнай палітыкі ўрада. Грамадзянская супольнасць спадзяецца, што і гэтым разам негвалтоўная барацьба пераможа ў Польшчы і абароніць дэмакратыю.
Пра тое, як "Салідарнасці" ўдалося падняць хвалю, якая прывяла да падзення камуністычных рэжымаў у 1989 годзе, чытайце ў матэрыяле hromadske "30-я гадавіна падзення камунізму ў Польшчы. Чаму ў "Салідарнасці" атрымалася?".
Чэхія: пратэсты ў абарону сістэмы
Аксамітная рэвалюцыя ў Чэхаславакіі пачалася са студэнцкіх дэманстрацый 17 лістапада. Антыкамуністычныя пратэсты хутка набіралі абароты, і ўсяго праз 10 дзён кампартыя адмовілася ад манаполіі на ўладу. У канцы 89-га года чэшскі дысідэнт Вацлаў Гавел быў абраны прэзідэнтам.
Сёлета штогадовае святкаванне Аксамітнай рэвалюцыі суправаджалася масавым пратэстам супраць урада Андрэя Бабіша, прэм'ер-міністра і аднаго з самых багатых людзей Чэхіі. Дата была абраная не выпадкова — пратэстоўцы ўпэўненыя, што дзейны ўрад падрывае дэмакратыю, атрыманую ў 1989 годзе.
"Мы не змагаемся з сістэмай, з рэжымам. Мы на самай справе абараняем яе. Таму што мы лічым, што Канстытуцыя, галоўныя законы і інстытуты на самай справе на нашым баку", — кажа арганізатар пратэсту Беньямін Роль.
Чытайце рэпартаж hromadske пра Аксамітную рэвалюцыю і сённяшнія пратэсты ў Празе ў матэрыяле "Мы не змагаемся з сістэмай, а абараняем яе". Чаму праз 30 гадоў пасля Аксамітнай рэвалюцыі чэхі зноў пратэстуюць".
Румынія: вінаватыя не пакараныя дагэтуль
Румынія была апошняй у чарадзе краін Усходняга блока, дзе ў 1989 годзе паў камуністычны рэжым, і адзінай, дзе гэта адбылося па жорсткім сцэнарыі. Падчас снежаньскай рэвалюцыі загінула больш за 1000 чалавек, а камуністычнага лідара Нікалае Чаўшэску і яго жонку Алену пакаралі смерцю. Большая частка загінулых прыйшлася на дні пасля скідання Чаўшэску, калі ўлада перайшла да Фронту нацыянальнага выратавання. Лідарам Фронту быў Іон Іліеску — будучы прэзідэнт Румыніі. Зараз ён абвінавачваецца ў злачынствах супраць чалавечнасці. "Справа аб рэвалюцыі 1989 года" не закрытая да гэтага часу, праз 30 гадоў пасля кровапраліцця.
"Гэтая сетка карупцыі і арганізаванай злачыннасці, якая захапіла Румынію пасля 1989 года, яна затармазіла развіццё краіны, сплялася ў прытулак для злачынстваў, — кажа Антоніе Папеску, адвакат, які прадстаўляе пацярпелых у снежаньскай рэвалюцыі. — У цэнтры карупцыйных скандалаў сёння знаходзяцца тыя ж персанажы, якія звязаны з палітыкай і злачынствамі ў той крымінальны перыяд".
Больш падрабязна пра румынскую рэвалюцыю і яе ўплыў на Румынію сёння чытайце ў матэрыяле ZDG "(НЕ)аксамітная рэвалюцыя праз 30 гадоў: "Ніхто не быў прыцягнуты да адказу".
Германія: краіна адзіная, але ў галаве застаюцца сцены
Берлінская сцяна, якая 28 гадоў падзяляла горад, а сімвалічна і ўсю Еўропу, пала 9 лістапада 1989 года. Той ноччу нават незнаёмыя людзі кідаліся адно аднаму ў абдымкі і радаваліся, што яны нарэшце зноў могуць быць разам. Тады з сімвала Халоднай вайны Берлінская сцяна ператварылася ў сімвал перамен і свабоды.
Зараз аб'яднаная Германія — адна з самых заможных краін свету. Маладым немцам нават цяжка ўявіць сабе дзве падзеленыя Германіі. Але тым, хто яшчэ памятае жыццё за сцяной, бывае складана знайсці разуменне, адзначае Інгэ Альбрэхт, якой удалося ўцячы ў Заходнюю Германію за пяць гадоў да падзення сцяны. "Шмат у каго ў галаве ўсё яшчэ застаюцца сцены. Я ведаю людзей, якія жылі ў свой час з абодвух бакоў сцяны, і ў іх усё яшчэ ўзнікаюць праблемы ў камунікацыі. Ім дагэтуль складана знайсці агульную мову. <...> У некаторых сем'ях дагэтуль прынята ўжываць паняцце "Заходняя Германія", хоць цяпер мы ж усе ў адной краіне. На шчасце, такой рыторыкі становіцца ўсё менш".
Чытайце рэпартаж hromadske пра тое, як паў галоўны сімвал Халоднай вайны, — "Шмат у каго ў галовах яшчэ застаюцца сцены. Але ўсё менш": як змянілася Германія за 30 гадоў пасля падзення Берлінскай сцяны".
Канчатковая рыса
Галоўнымі героямі заканчэння Халоднай вайны сталі народы Германіі і Савецкага Саюза, піша Міхаіл Гарбачоў у калонцы "Галоўную ролю адыграў народ", апублікаванай у "Новой газете". З моманту аб'яднання Германіі пачалася новая эпоха ва ўсім свеце.
"Тады мы падвялі канчатковую рысу пад Халоднай вайной. Нашай мэтай была новая Еўропа, Еўропа без раздзяляльных ліній, — піша апошні генсакратар ЦК КПСС. — Але пакаленне лідараў, якое прыйшло нам на змену, не змагло рэалізаваць гэтую мэту. У Еўропе не была створана сучасная архітэктура бяспекі, надзейны механізм прадухілення і ўрэгулявання канфліктаў. Адсюль тыя балючыя праблемы і канфлікты, ад якіх наш кантынент пакутуе сёння. Я заклікаю сусветных лідараў павярнуцца тварам да гэтых праблем, вярнуцца да дыялогу ў імя будучыні".
Над праектам у рамках “Медиасети” працавалі: Сашко Шаўчэнка, Аляксандр Кохан, Алена Куранкова, Калян Пастыка, Надзя Апенька, Даніэла Калмыш, Кацярына Аляксандр, Вольга Булат, Святлана Казлова.