Адмова ад беларускага грамадзянства падаражэе амаль у паўтара разы
У Беларусі плануюць падвысіць некаторыя консульскія зборы.
У праекце змяненняў і дапаўненняў у Падатковы кодэкс збор за разгляд заявы аб выхадзе з грамадзянства Рэспублікі Беларусь павялічаны з 175 да 250 еўра, выдачу (абмен) пашпарта грамадзяніна Беларусі для пастаяннага пражывання за межамі краіны — з 20 да 40 еўра, абмен пашпарта грамадзяніна Беларусі, які пражывае на яе тэрыторыі, — з 60 да 100 еўра.
Стаўка збору за аднаразовае прадаўжэнне тэрміну дзеяння пашпарта грамадзяніну Беларусі, які часова выехаў з краіны, можа быць падвышаная з 10 да 20 еўра, пры гэтым словы “аднаразовае прадаўжэнне” прапануецца замяніць на “разгляд заявы аб аднаразовым прадаўжэнні”.
Акрамя таго, Мінфін ініцыюе павелічэнне збораў за ажыццяўленне шэрагу натарыяльных дзеянняў дыппрадстаўніцтвамі, паведамляе БелаПАН.