Аднаўленчы рост або стагнацыя? Што не так са статыстыкай ад Мінэканомікі
Рост эканомікі ў апошнія месяцы адбываўся за кошт кароткачасовых эфектаў
Міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў заявіў, што з ліпеня эканоміка Беларусі аднаўляецца. Прычым не за кошт работы на склад.
З паведамлення Мінэканомікі вынікае, што ВУП упэўнена расце, склады прадпрыемстваў разгружаюцца, а рэальныя продажы, у тым ліку на экспарт, прыносяць "жывыя" грошы ў краіну.
На самай справе сітуацыя не такая радасная. Тлумачым чаму.
Зашмат рызык для стабільнасці
Невялікі рост ВУП з ліпеня сапраўды ёсць. Але калі глядзець год да года, валавы ўнутраны прадукт у Беларусі падае. У ліпені ВУП склаў толькі 98,3% да ліпеня мінулага года. У кастрычніку — 98,9%. Плюс 0,7 працэнтнага пункта за тры месяцы — але ўсё яшчэ -1,1% за 12 месяцаў.
На думку старшага навуковага супрацоўніка Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Дзмітрыя Крука, пра стабільнасць гаварыць не даводзіцца.
— Паляпшэнні з моманту піка COVID-19 у сакавіку — траўні ёсць, але гэта аднаўленчы эфект у трэцім квартале. Гэта адбывалася абсалютна ва ўсіх краінах.
Мы яшчэ не ў поўнай меры адчулі ўплыў сціску попыту на фоне палітычнай сітуацыі. Рызык вельмі шмат, і практычна ўсе — паніжальнага характару. Найлепшы сцэнар, які спрабуе ажыццявіць урад, гэта кансервацыя бягучага ўзроўню, але гаварыць пра гэты сцэнар як пра самы імаверны не даводзіцца, — адзначае эксперт.
Склады разгружаліся нядоўга
— З чэрвеня складскія запасы ў прамысловасці скараціліся амаль на 600 мільёнаў рублёў, — гаворыцца ў паведамленні Мінэканомікі.
Паводле звестак Белстата, запасы гатовай прамысловай прадукцыі сапраўды зніжаліся з мая да верасня. Але ў кастрычніку... зноў павялічыліся!
На экспарт ці ў доўг сельскай гаспадарцы?
Разгрузка складоў — добры сігнал.
— Значыць, прадпрыемствы змаглі палепшыць свой фінансавы стан. Гэта важна, паколькі сёння іх становішча — ключавая рызыка фінансавага стрэсу, — кажа Дзмітрый Крук.
Але тут ёсць некалькі нюансаў.
— Але запасы гатовай прадукцыі ў абсалютным выражэнні ўсё роўна застаюцца вельмі значнымі. З 2016 года мы знаходзімся на піку па велічыні замарожанай на складзе прадукцыі, — працягвае эксперт.
Другі момант звязаны з тым, што частковая разгрузка складоў была забяспечана за кошт штучных мер падтрымкі. Напрыклад, па ўказе Аляксандра Лукашэнкі ад 2 красавіка 2015 года №146 "Аб фінансаванні закупкі сучаснай тэхнікі і абсталявання" ў канцы жніўня на сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Віцебскай вобласці было пастаўлена 100 збожжаўборачных камбайнаў "Гомсельмаша".
— І хоць уборка збожжавых і зернебабовых на Віцебшчыне ўжо ўступіла ў завяршальную фазу, гэтая тэхніка ўнясе свой уклад ва ўборку ўраджаю 2020 года, таксама будзе задзейнічана ва ўборцы кукурузы на збожжа, якая яшчэ мае адбыцца восенню, — расказалі тады ў Мінпраме БЕЛТА.
Тэхніка са складоў сышла. Ці разлічыцца за яе сельская гаспадарка?
Рост продажаў пры зніжэнні экспарту
— Паменшылася і "знешняя дэбіторка": за верасень на 36 мільёнаў долараў, а пратэрмінаваная — на 65. Гэта гаворыць пра рост продажаў беларускай прадукцыі за "жывыя" грошы, — паведамляе Мінэканомікі.
Знешняя дэбіторская запазычанасць сапраўды паменшылася ў верасні. У пачатку кастрычніка яна склала 98,4% да 1 верасня, але ў дачыненні да 1 студзеня — 130,6%.
Пры гэтым экспарт тавараў за трэці квартал склаў $7789,4 млн. У другім квартале было экспартавана прадукцыі на $6213,1 млн.
Аднак складана гаварыць пра рост продажаў у доўгатэрміновай перспектыве, паколькі экспарт тавараў у бягучых цэнах у студзені — верасні склаў толькі 83,6% да адпаведнага перыяду мінулага года. У натуральным выражэнні ён скараціўся на 5,3%.
— У трэцім квартале быў рост экспарту, але гэты прырост у большай меры абумоўлены кароткатэрміновымі эфектамі: сезоннасцю і аднаўленнем пасля вясновага піка COVID-19, — кажа Дзмітрый Крук.
Перадумоў для таго, каб экспарт устойліва рос, няма.
— Гэта можа адбыцца ў 2021 годзе, калі будзе сур'ёзны рост эканомікі ў свеце і ў Расіі перш за ўсё. Тады, можа быць, нейкае значнае павышэнне будзе. Але і яно не будзе доўгатэрміновым, а ў межах аднаго года, — падсумоўвае Дзмітрый Крук.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.