Адзін з затрыманых ва Украіне байцоў ГРУ будзе супрацоўнічаць са следствам
Затрыманы Аляксандр Аляксандраў адмовіўся абскарджваць арышт і пагадзіўся дапамагаць следству.
Арыштаваны ва Украіне расіянін Аляксандр Аляксандраў, якога вінавацяць у тэрарызме, адмовіўся абскарджваць свой арышт і пагадзіўся на супрацоўніцтва са следствам. Пра гэта паведамілі украінскія СМІ са спасылкай на адваката Аляксандрава Канстанціна Краўчука.
"У майго падабароннага абраная пазіцыя спрыяння следству. А ўмовы ўтрымання ў VIP-палаце ваеннага шпіталя яго больш чым задавальняюць", — перадае РБК словы адваката. Ён дадаў, што Аляксандраў правядзе ў шпіталі яшчэ як мінімум два месяцы з-за аперацый.
Краўчук просіць зняць са свайго падабароннага абвінавачанні ў тэрарыстычных дзеяннях. Ён кажа, што Аляксандраў не ўжываў зброю на тэрыторыі Украіны і можа паўстаць перад судом толькі за "незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы з мэтай збору разведданых".
Другі затрыманы расіянін Віктар Ерафееў свой арышт ўжо абскардзіў. Абодва яны прабудуць пад вартай да 19 ліпеня. Іх ужо наведаў расійскі консул, які палічыў медыцынскую і юрыдычную дапамогу, што аказваецца ім, кваліфікаванай. Самі арыштаваныя на лекараў і супрацоўнікаў сілавых органаў Украіны не скардзіліся.
Абодвух расіян затрымалі 16 траўня. Яны прызналіся, што з'яўляюцца дзеючымі расійскімі вайскоўцамі.
Фота — AP