Афіцыйна: За два дні ў Беларусь не прапусцілі сем украінскіх фанатаў
Дзяржаўны памежны камітэт патлумачыў, чаму некаторым грамадзянам Украіны забаранілі ўзезд у Беларусь.
Вось што распавёў Еўрарадыё прэс-сакратар камітэта Аляксандр Цішчанка:
“За 8-е і 9-е кастрычніка ўсяго было не прапушчана сем грамадзян Украіны. Ці можна гэтую лічбу назваць масавай з’явай? У стоп-лістах апынуліся толькі тыя асобы, якія некалі траплялі ў поле зроку праваахоўных органаў, як футбольныя хуліганы альбо парушальнікі заканадаўства. Калі праходзіў чэмпіянат Еўропы ва Украіне і Польшчы, там таксама не прапускалі фанатаў, якія засвяціліся ў непрыгожых сітуацыях. І гэта лічылася нармальным. Тое, што ў нас не прапусцілі некалькіх чалавек, значыць, у наступны раз ім трэба ўлічваць свае паводзіны”.
Цішчанка прыгадвае бойку паміж украінскімі і расійскімі фанатамі ў беларускім лесе. Сапраўды, як паведаміў украінскі сайт segodnya.ua, з боку прадстаўнікой ультрас былі заявы пра рукапашную бойку 70 на 70 ці 100 на 100 чалавек.
Прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі адзначае, што "любая краіна, любая праваахоўная сістэма заўжды прадпрымае меры бяспекі, каб спаборніцтвы праходзілі ў спартыўным ракурсе, а не ў хуліганскім".
Нагадаем, сёння на "Барысаў-Арэне" пройдзе адборачны матч футбольнага чэмпіянату Еўропы 2016 года паміж зборнымі Беларусі і Украіны. Пачатак у 21.45. Беларуская міліцыя збіраецца суправаджаць украінскіх заўзятараў па тэрыторыі Беларусі.