Афіцыйныя прафсаюзы: у Беларусі ўзніклі праблемы з дровамі
Пасля ўвядзення еўрапейскіх санкцый супраць расійскіх энерганосьбітаў беларускія афіцыйныя СМІ кінуліся распавядаць, як будуць замярзаць жыхары заходніх краін. Аднак праблемы з ацяпленнем чакаюць саміх беларусаў.
Афіцыйная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі паведамляе, што ў краіне ёсць праблемы з дровамі.
Жыхары прыватных дамоў скардзяцца, што чэргі на закуп дроваў расцягваюцца на чатыры месяцы. Між тым прыватнікі прадаюць тавар у некалькі разоў даражэй.
Так, у адным з лясгасаў недалёка ад Мінска кажуць, што бярозавыя дровы не прывязуць раней за кастрычнік (на календары чэрвень!). Але пакупніку прапанавалі бярвёны даўжынёй па чатыры метры і не з бярозы. У іншым рае рэкамендуюць паглядзець прыватныя аб'явы.
У іншых раёнах краіны таксама называюць тэрмін у чатыры месяцы.
Намінальна дровы каштуюць 40-50 рублёў за кубаметр (норма на зіму 4,9 кубаметра). А ў прыватных абвестках кошт бярозавых дроваў даходзіць да 150 рублёў, прычым яны не заўсёды ёсць у наяўнасці. Можна купіць пяць кубаметраў за 450 рублёў, але пры гэты не гаратнуецца тып дроваў.
Федэрацыя прафсаюзаў абяцае разабрацца з цэнамі на дровы для насельніцтва.
Згодна з даручэннем Лукашэнкі ФПБ маніторыць кошты. Нядаўна яна паведамляла пра рэзкі рост коштаў на прадукты з пачатку года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.