Акцыя “Мастоўдрэва” каштуе 40 рублёў, дывідэнды — 17 капеек. Цяпер 2013 год

Адна акцыя “Мастоўдрэва” сёння каштуе 40 рублёў. Нават і грошай такіх дробных у Беларусі няма — але факт! Каштоўныя паперы таннеюць з 2007 года, калі Указам №529 Аляксандр Лукашэнка “прапанаваў” беларускім банкам крэдытаваць дрэваапрацоўку. З таго часу колькасць акцый “Мастоўдрэва” павялічылася з прыкладна 50 тысяч да 2 мільярдаў.

“Доля дзяржавы павялічылася на суму падтрымкі. Каб не вяртаць дзяржаве гэтыя грошы, мы ўкладалі іх у акцыі. Выпускалі дадатковыя пакеты акцый”, — тлумачыць Еўрарадыё начальнік юрыдычнага аддзела “Мастоўдрэва” Сяргей Жвірбля.

У 2003 годзе дзяржава валодала толькі чвэрцю “Мастоўдрэва”. Але дзяржпадтрымка з 2008 года складае 180 мільёнаў еўра дзяржпадтрымкі. У выніку сёння доля дзяржавы складае без малога 100%.

Толькі сёлета, падчас апошняга павелічэння статутнага фонду за кошт крэдыту “Беларусбанка”, дадрукавалі мільярд акцый. Вось ён які, фондавы рынак па-беларуску. За час мадэрнізацыі “акцыя патаннела больш чым у 1 тысячу разоў”, — канстатуе спецыяліст па ўліку акцый і каштоўных папераў “Мастоўдрэва” Святланы Галубовіч.

Пры гэтым сярод 7 тысяч акцыянераў “Мастоўдрэва” ёсць такія, хто мае толькі адну акцыю. У пачатку 1990-х, калі рабочыя прыватызавалі прадпрыемства, некаторым хапала грошай толькі на яе.

“Мы нават не выплачваем дывідэндаў, бо ў нас смешныя дывідэнды атрымліваюцца! — распавядае Еўрарадыё Святлана Галубовіч. — Сума, здаецца, і немаленькая: каля 1 мільярда, апошні раз было 700 з нечым мільёнаў. Але, ізноў жа, калі дзелім гэта на колькасць акцый, атрымліваюцца капейкі! 20 з нечым капеек, 17 капеек. У нас жа ў некаторых акцыянераў усяго толькі па адной акцыі”.

Без дывідэндаў сядзяць і тыя, у каго адна акцыя, і тыя, у каго адна тысяча акцый. Іх доля ад прыбытку “Мастоўдрэва” рэзервуецца “для наступных выплат”.

“Дзяржаве мы плацім, бо дзяржава мае 99,96% акцый. Гэта амаль усе акцыі ў статутным фондзе, таму амаль усе гэтыя дывідэнды — 700 мільёнаў — яна і забірае. А ў простай фізічнай асобы-акцыянера там 1 тысяча рублёў, 200 рублёў, 300 рублёў… І вось, капейкі бываюць”, — працягвае Святлана Галубовіч.

Тым не менш рабочыя “Мастоўдрэва” — нават тыя, хто мае толькі па адной акцыі, — паўнапраўныя акцыянеры. Яны могуць прыходзіць на сходы акцыянераў і нават галасаваць, але рашэнне ўсё роўна застанецца за прадстаўніком дзяржавы. А вось права звольніцца ім фармальны ўдзел у кіраванні акцыянерным таварыствам не дае: “прыгонны” Дэкрэт №9 вышэйшы!

Што праўда, паводле слоў Сяргея Жвірблі, сітуацый, калі б акцыянер спрабаваў звольніцца з прадпрыемства, пасля выхаду Дэкрэта №9 не ўзнікала:

“Такога не здараецца. У нас звальняліся людзі ці па хваробе, па артыкуле, ці за прагулы, ці за п’янку, ці па згодзе бакоў ужо паводле рашэння наймальніка”.

Дарэчы, кіраўнік “Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва” Уладзімір Карагін кажа, што ў Беларусі зараз не менш за 1 мільён акцыянераў. Але на прыкладзе “Мастоўдрэва” добра бачна, што валоданне каштоўнымі паперамі не робіць беларусаў ні заможнымі, ні свабоднымі.

Фота: www.vgr.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі