Акцыю памяці Барыса Нямцова зладзілі каля амбасады Расіі ў Мінску

Каля расійскай амбасады ў Мінску сабраліся ўдзельнікі акцыі, прысвечанай памяці забітага расійскага апазіцыянера Барыса Нямцова. З ідэяй акцыі выступіў кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Ён прапанаваў сабрацца а 15-й гадзіне каля амбасады са свечкамі і кветкамі. Як вядома, Нямцоў меў добрыя кантакты з АГП.

Як паведамляе Радыё "Свабода", на заклік адгукнуліся паўтара дзясятка чалавек, пераважна актывісты АГП. Усіх удзельнікаў акцыі міліцыянты перапісалі па прозвішчах. Як паведаміла намесніца старшыні АГП Антаніна Кавалёва, расійская амбасада забараніла здымаць нават працэдуру ўскладання кветак, не тое што дыпламатычны будынак. За гэтым сочаць міліцыянты.

Напярэдадні актывісты ўсклалі кветкі да амбасады Расіі ў Мінску ў памяць забітага Барыса Нямцова. Потым адбыўся невялікі мітынг у Курапатах. У акцыі бралі ўдзел прадстаўнікі "Еўрапейскай Беларусі", Руху салідарнасці "Разам", грамадскага аб’яднання "Альтэрнатыва".

У Маскве ідзе жалобная акцыя ў памяць пра Барыса Нямцова (онлайн-відэа)

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі