Актрыса Свабоднага тэатра, як мяркуецца, атрымала на акцыі пералом косткі чэрапа

Актрыса Свабоднага тэатра, як мяркуецца, атрымала на акцыі пералом косткі чэрапа

Пасля 25 сакавіка актрыса Свабоднага тэатра Яна Русакевіч трапіла ў лякарню хуткай дапамогі. Падчас акцыі дзяўчына стукнулі дубінкай па галаве. Мяркуецца, што ў яе пералом косткі чэрапа, піша nn.by.

Дзяўчына кажа, што здымала акцыю на тэлефон. Потым яна трапіла ў хапун, яе пацягнулі ў аўтазак. "Я ім сказала, што я не хачу, каб яны мяне цягнулі і працягвала здымаць на відэа. Пасля я нават не зразумела, што мяне ўдарылі. Далей памятаю, што падышлі сябры і журналісты тэлеканала "Дождь". Яны паднялі мяне, я іх абняла і пайшлі ў бок філармоніі", — распавяла Русакевіч. 

Актрыса дабралася да "Галерэі Ў", дзе ёй стала блага. На таксоўцы яна паехала дадому, але ў дарозе дзяўчыну званітавала, і яна згубіла прытомнасць. Дома ёй стала яшчэ горш, і яна выклікала "хуткую". 

У лякарні хуткай дапамогі дздяўчыне зрабілі тамаграфію: здымак паказаў магчымую расколіну косткі чэрапа. Дактары вырашылі зрабіць паўторны здымак для пацверджання дыягназу. Зараз Русакевіч прызначылі ўколы. 

У лякарню прыехалі міліцыянты, якія зафіксавалі пабоі. Па словах Яны, яны пачалі крымінальную справу па факце збіцця. 

У дзяўчыны дыягнаставалі страсенне мозгу, ідзе лячэнне. Яна застанецца ў лякарні да канчатковага дыягназу і далейшага лячэння.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі