На стварэнне "беларускага YouTube" БЕЛТА папрасіла 2 мільёны долараў
Стала вядома, колькі каштуе "беларускі YouTube"
12 верасня прапагандысты плануюць запусціць сайт videobel.by, які назвалі беларускім аналагам YouTube. Паказваць там будуць пераважна праграмы БТ.
Як даведаліся "Кіберпартызаны", распрацоўкай гэтага відэасервісу інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА на загад Лукашэнкі занялося з пачатку 2023 года.
Па пытаннях распрацоўкі лукашэнкаўскія ўлады звярнуліся да кампаніі "А1". Яна прапанавала гатовае рашэнне на базе праграмнага забеспячэння "Вока" і ацаніла запуск і абслугоўванне відэахостынгу на працягу года ў 600-700 тысяч долараў. А вось у БЕЛТА ж падлічылі, што на першы год трэба 1,5-2 мільёна долараў, а з другога года штогадовыя выдаткі складуць прыкладна 1 мільёна долараў.
Пры гэтым прапагандысты разлічваюць, што ў першы год адначасова на сайце будзе максімум 3 тысячы наведвальнікаў. На другі год мяркуюць не больш за 20 тысяч адначасовых падключэнняў і да 50 тысяч падчас грамадска значных падзей.
Як прызнаўся намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Пярцоў, да стварэння свайго відэахостынгу лукашэнкаўцаў падштурхнулі абмежаванні, якія YouTube уводзіць супраць прапаганды.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.