Akute праспявалі пра Украіну, а атрымалася пра каханне (фота)
У той момант, калі прыхільніцы Akute (якія, здаецца, з апошняга канцэрту сталі яшчэ маладзейшымі) гатовыя плакаць і ў адказ на радок з песні "Скажы маё iмя" крычаць: "Стас Мытнік!", гурт нечакана прэзентуе песню не пра каханне і пустоту , як звычайна, а пра Украіну.
"Тут няма палітыкі — гэта суперажыванне. Шмат што можна па-рознаму трактаваць, можна бяскрыўдныя тэксты вывернуць навыварат і выявіць у іх палітычную падаплёку. Але мы не ўкладвалі ў гэта нічога падобнага ", — распавядае вакаліст гурта Стас Мытнік.
Часам падаецца, што публіка Akute становіцца ўсё маладзейшай, што ў валасах дзяўчынак пад сцэнай усё больш каляровых пасмаў і што ў цэлым ад тэкстаў гурта "сэрца шчаміць", у асноўным, у юных тонкіх паненак. Хоць самі музыкі з гэтай думкай не згодныя.
"У розных гарадах на нашы канцэрты ідзе самая розная публіка. У Брэсце, напрыклад, і зусім дарослыя людзі з дзецьмі на руках стаяць і спяваюць пад сцэнай", — працягвае Стас.
Зрэшты, магчыма з-за адсутнасці на канцэрце ў Re:Public дарослых людзей з дзецьмі на руках, канцэрт здаецца неверагодна эмацыйным: музыкі выкідваюць у залу мікрафон, падаюць на сцэну, дзяўчынкі пад сцэнай таксама гатовыя падаць і траціць прытомнасць.
"Канцэрт быў неверагодны, гэта можна было бачыць па нашай рэакцыі — часам проста некантралюемыя эмоцыі. Сёння было шмат людзей, але часам ад колькасці гледачоў мала што залежыць: нешматлюдны канцэрт па энергетыцы можа быць проста шыкоўнейшы. На адным канцэрце ў Брэсце атмасфера была такая, што ірваліся нервы: яны ўсе былі пад сцэнай, спявалі песні. А бывае, што збіраецца вялікая зала, а энергетыкі не адчуваеш ", — успамінае Мытнік і запэўнівае, што нягледзячы на натоўпы прыхільніц, праяваў вар'яцтва з іх боку выяўлена не было: кожны, захоплены Ромай або Стасам, паводзіць сябе па-беларуску стрымана і хіба што ціхенька плача пад "Прамяні":
"Вар'яцкіх фанатак не было — усе цалкам адэкватныя, мы з імі блізка кантактуем, не ўцякаем пасля канцэрту, і яны паводзяць сябе ўдзячна. У сацсетках часта пішуць ".
Назваўшы канцэрт "Усё павернецца", музыканты прытрымліваюцца задуманай канцэпцыі: граюць песні з трох альбомаў і тое, што гучыць вельмі рэдка:
"Мы адыгралі сёння і новыя песні, яны заўсёды больш слухаюцца, чым танчацца. Мы не чакаем, што пад новыя песні людзі будуць адрывацца, яны ўслухоўваюцца ў тэксты. Назвай праграмы і такой падборкай матэрыялу нам хацелася паказаць, што часам даўно сышоўшыя рэчы вяртаюцца зноў ", — рэзюмуе Стас.
13 снежня стартуе тур Akute па Украіне. Першы горад, у які прыедзе магілёўскі гурт — Львоў.