Алесін: Вучэнні “Захад-2017” не пагражаюць ні Беларусі, ні Украіне
Расійска-беларускія ваенныя вучэнні “Захад-2017” пачынаюцца толькі 14 верасня, але ўжо 15 жніўня ў Беларусь пачынаюць прыбываць расійскія дэсантнікі. Паводле слоў ваеннага эксперта Аляксандра Алесіна, іх задача ― падрыхтоўка да будучых вучэнняў.
Алесін: “Самі вучэнні, іх паказальная частка, зоймуць не шмат часу ― значна больш часу зойме падрыхтоўка. Трэба ўлічваць той фактар, што прыбудзе шмат назіральнікаў: з NATO, з суседніх краін, будзе шмат ваенных спецыялістаў, экспертаў. Таму, хочуць не ўдарыць у бруд тварам ― гэтым і тлумачыцца ранні прыезд кантынгенту расійскіх войскаў. Раней іх называлі “кватэр’еры” ― людзі, якія займаліся упарадкаваннем месцаў пражывання, сістэм жыццезабеспячэння, ваеннай інфраструктуры для прыбыцця войскаў. Іх жа нельга кінуць на пустое месца: трэба падрыхтаваць ваенныя гарадкі, намётавыя лагеры і гэтак далей”.
Алесін дадае, што ўсе перасцярогі, што пад прыкрыццём ваенных вучэнняў Масква стварае ў Беларусі аператыўна-стратэгічную групоўку колькасцю ад 60 да 100 тысяч ваеннаслужачых, рыхтуе захоп нашай краіны ці напад на Украіну ды краіны Балтыі, не маюць пад сабой глебы.
Алесін: “Фактычна, кожны салдат, кожнае падраздзяленне даступныя для спадарожнікавай разведкі. Эшалоны на чыгунцы, пагрузка баявой тэхнікі ― за ўсім гэтым уважліва сочаць з дапамогай спадарожнікавай і радыёэлектроннай разведкі. І агентурнай: амерыканскія і іншыя разведчыкі пад дыпламатычным прыкрыццём ці якім іншым, будуць адсочваць перасоўванне войскаў і правядзенне вучэнняў. Згодна з падлікамі, каб перакінуць у Беларусь сто тысяч чалавек, неабходна ад 40 да 50 тысяч вагонаў. Цяпер на кожнага ваеннаслужачага неабходна сродкаў матэрыяльна-тэнічнага і баявога забеспячэння вагой у 30 тон. На аднаго ваеннаслужачага ― палова вагона рознай ваеннай маёмасці, баявой тэхнікі. А ўявіце, што будзе, калі 40-50 тысяч ваенных вагонаў пойдуць адначасова ў адным накірунку ― яны перарвуць увесь рух. Ды, і сабраць столькі вагонаў хутка і незаўважна не атрымаецца. Апроч таго, размясціць сто тысяч на тэрыторыі Беларусі, забяспечыць іх усім неабходным, падрыхтаваць да бою таксама незаўважна немагчыма. І ў нас ужо няма адпаведнай інфраструктуры, каб размясціць столькі людзей”.
Нервовасць вакол вучэнняў ствараецца штучна, упэўнены ваенны эксперт. Ніякай пагрозы незалежнасці Беларусі ці іншых краін у іх няма. Але шмат хто, як на Захадзе, так і на Усходзе, адмыслова “ўздымае градус”, каб на страхах людзей зарабіць сабе палітычныя дэвідэнты. І ў выйгрышы ўсе, апроч Беларусі, кажа Алесін. Бо выглядаем як краіна, на зямлі якой Расія свабодна вядзе свае ваенна-палітычныя гульні. Але адмовіцца ад правядзення гэтых скандальных вучэнняў Мінск не можа, бо гэтым моцна раззлуе Крэмль.