Алімпійскі камітэт Беларусі адказаў на санкцыі МАК
Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі апублікаваў на сваім сайце адказ Міжнароднаму алімпійскаму камітэту.
Напярэдадні МАК адхіліў увесь выканкам НАК Беларусі ад Алімпійскіх гульняў і ўсіх мерапрыемстваў МАК. Таксама былоі спыненае фінансаванне ад МАК (акрамя выплатаў спартоўцам, якія рыхтуюцца да Алімпіяды). Расследаванне МАК паказала, што беларускі Алімпійскі камітэт парушае Алімпійскую хартыю і не абараняе спартоўцаў ад палітычнай дыскрымінацыі.
Беларускія спартовыя чыноўнікі назвалі пазіцыю МАК "прадузятай, заснаванай на ангажаваным і павярхоўным вывучэнні сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь". Таксама беларускі НАК Беларусі заявіў, што некаторыя пункты рэзалюцыі МАК маглі быць прынятыя пад палітычным ціскам.
Рашэнне МАК у Беларусі назвалі "адрозным ад асноватворных прынцыпаў і каштоўнасцяў алімпізму, /.../ палітычна матываваным, накіраваным на аказанне ціску на кіраўніцтва беларускага НАК".
"Пазіцыя МАК не адпавядае аб'ектыўнай ацэнцы намаганняў НАК Беларусі па выкананні палажэнняў Алімпійскай хартыі, міжнароднага і беларускага спартовага заканадаўства. У нашай краіне створаныя ўсе ўмовы для спартоўцаў, якія вядуць планамерную падрыхтоўку да галоўных стартаў чатырохгоддзя і будуць выступаць пад дзяржаўным флагам на будучых гульнях", — гаворыцца ў заяве НАК.
Беларускі Алімпійскі камітэт пакідае за сабой права "адстойваць сваю пазіцыю перад МАК у адпаведнасці з алімпійскай Хартыяй і міжнародным спартыўным правам".
Рашэнне МАК моцна закранула Аляксандра Лукашэнку. 8 снежня ён абрынуўся на МАК і яго старшыню Томаса Баха з абразамі: "Трэба нам звярнуцца ў суд. Хай Бах і банда раскажуць, у чым мая віна, што я сваю краіну абараняю?!"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.