Аляксандр Лукашэнка памілаваў бізнесмена Казбека Япрынцава

Аляксандр Лукашэнка памілаваў бізнесмена Казбека Япрынцава

Аляксандр Лукашэнка разгледзеў хадайніцтва і памілаваў бізнесмена Казбека Япрынцава. У пятніцу ён ужо выйшаў на волю, інфармуе партал tut.by. Летам 2016-га Казбек Япрынцаў быў асуджаны за махлярства на восем гадоў калоніі і канфіскацыю маёмасці.

Казбек Япрынцаў і яго бацька Уладзімір Япрынцаў, сууладальнік холдынга "Трайпл", былі затрыманыя ў жніўні 2015 года. Перад гэтым КДБ атрымаў ліст пра супрацьпраўную дзейнасць Уладзіміра Япрынцава ад бізнесмена Юрыя Чыжа і двух яго партнёраў з Расіі. Пазней за краты трапляў і Чыж. Суд праходзіў у 2016-м. Разам з Япрынцавымі судзілі партнёра Япрынцава-малодшага па бізнесе Аляксандра Арабяна. 23 жніўня суд Цэнтральнага раёна Мінска аштрафаваў Уладзіміра Япрынцава на 500 базавых і вызваліў (яго справу перакваліфікавалі з "Махлярства" на "Укрывальніцтва злачынстваў"), яго сын і Арабян атрымалі па 8 гадоў калоніі.

Казбек Япрынцаў кіраваў кампаніяй, якая заключала дамовы на пастаўкі беларускага паліва за мяжу. Адной украінскай кампаніі ён не паставіў паліва, хаця атрымаў 1,6 мільёна долараў. Па звестках следства, бізнесмен агулам завінаваціўся некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў. Каб іх вярнуць, ён няўдала паспрабаваў зарабіць на форэксе і прагарэў яшчэ больш. Тады ён звярнуўся да бацькі, і той пазычыў грошы ў сяброў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі