Аляксандр Сурыкаў пакідае пасольства Расіі ў Беларусі

Фота kp.by
Фота kp.by

Телеграм-канал "Незыгарь" апублікаваў інфармацыю аб "развітальнай вечарыне" пасла Расіі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава. Па звестках аўтараў ананімнага канала, Сурыкаў развітаецца з Мінскам 24 жніўня.

У прэс-службе пасольства Расіі ў Беларусі Еўрарадыё пацвердзілі гэтую інфармацыю.

"Вы там усё "Незыгаря" чытаеце? Слова "вечарынка", напэўна, будзе не вельмі карэктным. Гэта будзе вечар, на яго былі разасланыя запрашэнні. Ён не для прэсы. Гэта сустрэча з калегамі, з якімі Аляксандр Аляксандравіч працаваў на працягу доўгіх 12 гадоў".

Верагодны кандыдат на месца Аляксандра Сурыкава — Міхаіл Бабіч, яго прызначэнне абмяркоўваецца ўжо некалькі тыдняў. Па звестках таго ж "Незыгаря", дабро на прызначэнне Бабіча не дае беларускі бок.

У той жа час, пустым застаецца крэсла пасла Беларусі ў Расіі. 18 жніўня Аляксандр Лукашэнка перавёў Ігара Петрышэнку, які займаў гэтую пасаду з 2012 года на працу ў Савет міністраў Беларусі.

"Незыгарь" выказаўся і на гэтую тэму. Па звестках крыніц телеграм-канала, новым паслом Беларусі ў Расіі стане Максім Рыжанкоў. У цяперашні час ён займае пасаду першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, да таго працаваў віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнага Алімпійскага камітэта.

Александр Суриков покидает посольство России в Беларуси
Фото grodnonews.by

З дыпламатычнай працай звязаны працяглы этап кар'еры Рыжанкова. З 1994 па 2012 гады ён працаваў Цэнтральным апараце беларускага МЗС, у пасольстве Беларусі ў Ізраілі, а потым — у Польшчы. Таксама ў гэты перыяд ён займаў пасаду начальніка ўпраўлення Амерыкі ў МЗС Беларусі і ўзначальваў упраўленне знешняй палітыкі Адміністрацыі прэзідэнта.

У пасольстве Расіі інфармацыяй аб прызначэнні Максіма Рыжанкова не валодаюць — Еўрарадыё прапанавалі звярнуцца ў беларускае знешнепалітычнае ведамства. А МЗС Беларусі пакуль што ніяк не каментуе сітуацыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі