Амністыя ў Беларусі закране найперш непаўналетніх і жанчын

Жаночая калонія

Жаночая калонія / ПЦ "Вясна"

З нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі ў Другую сусветную вайну ўлады краіны плануюць правесці амністыю. Яна "шырока ахопіць" непаўналетніх і жанчын, у тым ліку тых, хто быў асуджаны па наркатычных артыкулах, заявіла ў інтэрв'ю "Беларусь-1" намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс. Паводле яе слоў, праект закону распрацаваны і ўзгоднены. Прымаць гэты закон будзе ўжо новы склад Палаты прадстаўнікоў.

Чупрыс адзначыла, што цяперашняя амністыя закране ў тым ліку непаўналетніх, асуджаных па "наркатычных артыкулах". "Таксама будзе шырокі спектр распаўсюджвання амністыі на жанчын, якія маюць непаўналетніх дзяцей", дадала чыноўніца. Яна таксама расказала, што па даручэнні Лукашэнкі ў новым законе будуць прапісаны меры па працаўладкаванні амніставаных. Адзначым, што першае паседжанне новага складу Палаты прадстаўнікоў запланаванае на 22 сакавіка.

Чупрыс таксама пракаментавала ўказ аб памілаванні, падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам. Нагадаем, размова ідзе аб памілаванні 15 чалавек. Па словах чыноўніцы, "гэта вельмі вялікая лічба". 11 з іх гэта асобы, якія здзейснілі злачынствы ў непаўналетнім узросце. 9 чалавек гэта жанчыны, у тым ліку тры жанчыны, якія маюць непаўналетніх дзяцей.

Чупрыс падчас інтэрв'ю таксама казала аб памілаваннях па "пратэстных артыкулах". Паводле яе слоў, значная доля памілаваных у 2021-22 гадах была асуджаная менавіта па іх. Але канкрэтныя лічбы колькі чалавек было памілавана яна так і назвала.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі