Андрэй Новікаў — чарговы фігурант "справы Ціханоўскага"

Андрэй Новікаў — чарговы фігурант "справы Ціханоўскага"

Новым фігурантам "справы Ціханоўскага" стаў Андрэй Новікаў з-пад Паставаў, піша праваабарончы сайт "Вясна". 

Новікава затрымалі ў мінулую суботу ў вёсцы Прусы Пастаўскага раёна. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Яму выставілі абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэксу "Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады". Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкула — да трох гадоў пазбаўлення волі. 

Па гэтым жа артыкуле выстаўленае абвінавачанне блогеру Сяргею Ціханоўскаму, Аляксандру Арановічу, Арцёму Сакаву, Васілю Баброўскаму, Вяргілію Ушаку, Дзмітрыю Фурманаву, Уладзіміру Навуміку, Яўгену Разнічэнку і Уладзіміру Кнігу. Усе яны таксама знаходзяцца ў СІЗА №1. Правабаронцы прызналі Ціханоўскага і яго паплечнікаў палітвязнямі. 

Андрэй Новікаў — валанцёр ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Ён з'яўляецца грамадзянінам Расіі, хаця шмат гадоў жыве ў Беларусі. У яго ёсць жонка і двое непаўнагадовых дзяцей.

Новікава затрымалі за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў — гэтую акцыю прыраўнялі да несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. 

9 чэрвеня ў доме Новікава ў Прусах прайшоў ператрус.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі