Андрэйчанка заявіў у Маскве, што ЕАЭС ператвараецца ў палітычны праект

Андрэйчанка заявіў у Маскве, што ЕАЭС ператвараецца ў палітычны праект

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка заявіў у Маскве, што Еўразійскі эканамічны саюз ператвараецца ў палітычны праект. 26 снежня ён быў пераабраны на пасаду першага намесніка старшыні Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі. Выступаючы на сесіі гэтай структуры, Андрэйчанка выказаўся наконт сітуацыі ў беларуска-расійскіх адносінах.

"Паклаўшы руку на сэрца, давайце адкрыта спытаем сябе: ці ўсё так добра ў нашых адносінах? — цытуе словы Уладзіміра Андрэйчанкі БЕЛТА. — Ці можна быць задаволеным бягучым станам спраў? Абсалютна не. Пры ўсіх вельмі важкіх дасягненнях ёсць цэлы шэраг пытанняў і праблем, якія патрабуюць сур`ёзнай увагі як арганізатараў інтэграцыйнага працэсу, так і саюзных парламентарыяў".

Андрэйчанка гаварыў пра гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва ды адзначыў, што насамрэч "практычна рэгулярна" прымаюцца "пратэкцыянісцкія рашэнні, якія супярэчаць заканадаўчай базе Саюзнай дзяржавы і Еўразійскага эканамічнага саюза". Паводле яго слоў, беларускі бок на сённяшні дзень заклапочаны звужэннем важнага для нашай краіны расійскага рынку, узнікненнем спрэчак аб доступе на яго беларускай прадукцыі. На паперы засталося ранейшае рашэнне, прынятае ў рамках саюзнай дзяржавы, аб роўнадаходных цэнах на газ для беларускіх і расійскіх суб'ектаў гаспадарання, адзначыў Уладзімір Андрэйчанка.

Ён таксама крытыкаваў "рэальнае зніжэнне цікавасці да працы ў рамках саюзнай дзяржавы", парушэнне статутных дакументаў. Андрэйчанка звярнуў увагу, што ў ЕАЭС не прымаецца важных рашэнняў. Ён лічыць, што ў гэтай сітуацыі Беларусь і Расія павінны ўзмацніць узаемадзеянне ва ўсіх сферах. Таксама беларускі спікер згадаў, што ў расійскай інфармацыйнай прасторы робяцца спробы перафарматаваць вобраз Беларусі і беларусаў.

Гэтыя заявы прадстаўніка Беларусі прагучалі на фоне няўдзелу Аляксандра Лукашэнкі ў самітах ЕАЭС і АДКБ, якія праходзяць у Санкт-Пецярбургу. Афіцыйны Мінск сітуацыю не каментуе, адзначае БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі